Беларускія плыўцы апрануцца ў касцюмы ADIDAS

Новыя касцюмы для беларускіх плыўцоў, магчыма, пашые ADIDAS, расказаў Еўрарадыё старшыня Мінскага гарадскога аддзялення “Беларускай федэрацыі плавання” Юрый Пеўны: “Рашэннем Міжнароднай федэрацыі плавання старыя касцюмы сыйшлі ў нябыт. І цяпер ідуць распрацоўкі, кожная федэрацыя кожнай дзяржавы заключае дамовы з фірмамі на дазволеныя новыя касцюмы. У нас у рэспубліцы няма тых магчымасцяў і матэрыялаў, каб шыць такія касцюмы. Таму наша федэрацыя цяпер вядзе перамовы з Адыдас”.

Па словах Юрыя Пеўнага, праблемаў з удзелам у спаборніцтвах у нашых спартоўцаў быць не павінна:

“Тыя спартсмены, якія выязджаюць за мяжу, у асноўным гэта 8 чалавек на чале з Герасіменяй і Хахловай, у іх гэтыя касцюмы, у якіх можна плаваць, ёсць”.

Для ўсіх астатніх спартоўцаў касцюмы купяць пасля таго, як заключаць дамову з фірмай. Каштаваць яны павінны значна менш, чым старыя, бо на іх ідзе нашмат менш матэрыялу, кажа Юрый Пеўны:

“Тыя касцюмы каштавалі 350-450 еўра. Новыя павінны нашмат танней каштаваць, бо там нашмат менш матэрыялу ідзе”
.

Нагадаем, што рашэннем Міжнароднай федэрацыі плавання з 1 студзеня 2010 года ўсе спартоўцы абавязаны выкарыстоўваць касцюмы ці купальнікі выключна з тэкстылю. Мужчынскія касцюмы павінны быць не вышэй за пояс і не ніжэй за калені, жаночыя — не вышэй за шыю і не ніжэй за калені. Таксама не павінна быць маланак, а таўшчыня матэрыялу змяншаецца з 1 да 0,8 міліметраў.