Беларускія дыпламаты высвятляюць абставіны затрымання ва Украіне Чырыча
У МЗС Беларусі прыйшло з СБУ Украіны пацверджанне пра затрыманне беларускага грамадзяніна.
Пра гэта ў пятніцу паведаміла кіраўніца аддзела прэс-службы ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына.
Паводле яе інфармацыі, супрацоўнікі амбасады Беларусі ва Украіне ўжо паехалі ў Днепрапятроўскую вобласць, дзе знаходзіцца затрыманы, "для высвятлення абставін, сустрэчы з беларускім грамадзянінам і аказання неабходнай дапамогі", інфармуе РІА "Новости".
Нагадаем, учора ўкраінскія СМІ распаўсюдзілі інфармацыю пра затрыманага супрацоўніка "Першай прадзюсарскай кампаніі", які здымаў для НТВ сюжэт. Беларуса Сцяпана Чырыча называлі шпіёнам, які меў схаваную ў акулярах відэакамеру і здымаў сакрэтныя вайсковыя аб'екты. За яго, дарэчы, мясцовыя ўлады выплацілі 10 тысяч долараў узнагароды байцам спецбатальёна "Дняпро".