“Беларусбанк” пачаў вяртаць “згарэлыя” уклады, але людзі па іх не ідуць

Беларусы не хочуць ісці ў “Беларусбанк” і атрымліваць кампенсацыю па ўкладах, што “згарэлі” яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў. З такой заявай выступіў дэпутат Мікалай Дубовік, якому такая сітуацыя падалася абсурднай.
Паводле яго слоў, “Беларусбанк” запрашае маладых людзей, на імя якіх у свой час бацькі аформілі ўклад. Адзін з маладзёнаў, на імя якога было пакладзена 500 савецкіх рублёў, прыйшоў у “Беларусбанк” і пасля гадзіннага валаводжання атрымаў кампенсацыю — 450 беларускіх рублёў, паведамляе газета “Экспресс Новости”.

Як пракаментаваў сітуацыю віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў, у 2007 годзе заканчваецца тэрмін выплаты кампенсацыі ўкладаў. Паколькі сумы ў асноўным невялікія, то па іх практычна ніхто і не прыходзіць.

Ён адзначыў, што, магчыма, банкам загадаюць інфармаваць людзей аб суме кампенсацыі, каб яны самі вырашалі — забіраць грошы або не. Кабякоў падкрэсліў, што пры адмоўным адказе, верагодна, яго давядзецца завяраць пісьмова.