Беларусь у 2010 годзе будзе купляць расійскі газ па 160 долараў

Кошт на газ для Беларусі ў 1-м квартале 2010 года, па папярэдніх разліках расійскага боку, складзе крыху больш за 160 долараў за тысячу кубаметраў.
Пра гэта перадае ПРАЙМ-ТАСС са спасылкай на крыніцу, блізкую да "Газпраму".

Паведамляецца, што больш дакладна кошты стануць вядомыя ў канцы лістапада. Выданне адзначае, што згодна з кантрактам, сёлета ў 1-м квартале тысяча кубаметраў газу для нас каштавала 210 долараў, у 2-м — каля 158 долараў, а з 1 ліпеня — каля 115 долараў.

Між тым, Беларусь штомесяц аплачвае газ з пачатку года па меркаваным сярэднегадавым кошце — каля 150 долараў за тысячу кубаметраў.

Юрыдычна такая аплата не была аформленая дадатковай дамовай да кантракту, аднак дамоўленасць аб сярэднегадавым кошце была дасягнутая на ўзроўні прэзідэнтаў дзвюх краін.