Базу Яраша і "Правага сектару" знайшлі каля Данецка (відэа)
Яна месціцца ў 60-70 кіламетрах ад абласнога цэнтра, які кантралююць тэрарысты.
Рэпартаж адтуль з'явіўся на Грамадскім тэлебачанні. Кіраўнік партыі "Правы сектар", экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Яраш разам са сваімі байцамі ўдзельнічае ў антытэрарыстычнай аперацыі ды кажа, што гэта сапраўдная вайна.
Яраш: "Мы каардынуем сваю дзейнасць з кіраўніцтвам антытэрарыстычнай аперацыі. Махноўшчыны тут няма".
Паводле слоў Дзмітрыя Яраша, яго байцы выконваюць заданні, якія ім ставяцца кіраўніцтвам антытэрарыстычнай аперацыі. Яны нясуць службу на блокпастах, а "разведвальныя групы працуюць у Данецку, Луганску". Таксама сябры "Правага сектара" ёсць у батальёнах "Данбас", "Дняпро" і "Азоў", кажа Яраш. Дарэчы, на базе амаль усе хлопцы без масак, у адрозненне ад байцоў згаданых батальёнаў.
Што да зброі, дык яна "трафейная ці з афіцыйнымі дазволамі", кажа Яраш. "Мне дазвол на зброю дала рэвалюцыя і, адпаведна, вайна", — дадае ён. Кіраўнік "Правага сектара" сцвярджае, што за тыдзень з Расіі ва Украіну перапраўляецца для тэрарыстаў 40 грузавікоў са зброяй і боепрыпасамі. Частку гэтага груза перахопліваюць украінскія нацыяналісты.
Яраш кажа, што ўкраінскае войска становіцца ўсё больш баяздольным і ёсць усе магчымасці, каб перамагчы тэрарыстаў ва ўсходніх абласцях.