Барацьба з яйкамі "МТС", верагодна, распаўсюдзіцца і на іншыя краіны

Барацьба з яйкамі "МТС", хутчэй за ўсё, працягнецца і ў іншых краінах, дзе распаўсюджваецца гэты таварны знак. Як расказала Еўрарадыё патэнтная павераная Беларусі па справе "МТС" і квадраяйкаў Юлія Клімкоўская, магчыма, рэгістрацыю гандлёвага знака “чырвонае яйка” прызналі несапраўднай, таму што гэта велікодны сімвал.
Па словах Юліі Клімкоўскай, Экзархат пацвердзіў, што чырвонае яйка – велікодны сімвал і яго выкарыстанне ў гандлёвых мэтах у некаторых выпадках можа закрануць рэлігійныя пачуцці вернікаў. Верагодна таму, на думку спадарыні Клімкоўскай, у "МТС" і пакінулі белае яйка, але не дазволілі карыстацца чырвоным.

Юлія Клімкоўская:
“Мы, значыцца, узялі гэтую частку, дзе напісана, што чырвонае яйка – гэта сімвал Вялікадня і напісалі спасылку на артыкул закона аб таварных знаках “Абсалютная адмова ў рэгістрацыі гандлёвых знакаў”. Там ёсць такі пункт, што не рэгіструюцца ў якасці гандлёвых знакаў абазначэнні, якія з’яўляюцца сімваламі, тэрмінамі, ну і гэтак далей”.

Калі патэнтная павераная Клімкоўская мае рацыю, то за адмену чырвонага яйка як лагатыпа "МТС" можна змагацца і ў іншых краінах, дзе дзейнічае кампанія “Мабільныя ТэлеСістэмы”. А гэта Расія, Украіна, Узбекістан ды Туркменістан. І хутчэй за ўсё, так і будзе.

Юлія Клімкоўская: “Спадарыня Гаранская, якая з’яўляецца куратарам праекта з яйкаквадратамі, хоча ісці да канца. І, я так разумею, не толькі на тэрыторыі Беларусі, але, хутчэй, і на тэрыторыі Украіны, і на тэрыторыі... Калі "МТС" не паспрабуе з імі дамовіцца”.

А як расказаў Еўрарадыё адзін з аўтараў квадраяйкаў мастак Віктар Маркавец, "МТС" пакуль не спрабавалі дамаўляцца з імі.

Віктар Маркавец: “Што датычыцца беларускага "МТС", то мы маглі б увогуле падарыць ім гэты знак. Аднак ніхто да нас не звяртаўся, не сядаў за стол перамоваў...”

Нагадаем, паэт Алесь Разанаў і мастак Віктар Маркавец аспрэчвалі рэгістрацыю таварнага знака ў Беларусі. Творцы спасылаліся на тое, што сваю мастацкую серыю "Яйкаквадраты" з аналагічнымі выявамі яны зрабілі і абнародавалі яшчэ ў 1992 годзе.

Апеляцыйны савет нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай ўласнасці вырашыў, што чырвонае яйка ў белым квадраце – яйкаквадрат, а белае яйка ў чырвоным квадраце – лагатып “МТС”.

Пры гэтым дырэктар прадстаўніцтва “МТС” у Беларусі Дзмітрый Ходас упэўнены, што выкарыстоўваць гандлёвы знак “яйка ў квадраце” ніхто ім не забароніць.

Дзмітрый Ходас: “Акрамя таго, што мастакі казалі, што на іх думку, гэта яйкаквадрат, яны ўказвалі дастаткова шмат іншых матывацыяў для прызнання рэгістрацыі несапраўднай. Як відаць з сённяшняга рашэння суда, апеляцыйны савет абсалютна не прызнаў гэта яйкаквадратам. Мы чакаем матывавальную частку, якая пакажа, на якіх жа ўсё ж такі падставах прызналі рэгістрацыю чырвонага яйка несапраўнай”.

Матываваная частка будзе гатовая праз два месяцы. І яшчэ праз шэсць месяцаў рашэнне апеляцыйнага савета набудзе моц. Таму ў абодвух бакоў пакуль яшчэ ёсць час на абскарджванне гэтага рашэння.



Фота — www.belgazeta.by