Банкаматы загружаюцца валютай ў апошнюю чаргу
У банках гавораць, што прадаецца толькі тая валюта, якую здало насельніцтва, і супакойваюць, быццам попыт на долары зніжаецца. Але ў банкаматах іх амаль няма.
На вакзале, дзе попыт на валюту мусіць быць вялікі, зняць долары ў банкамаце не ўдалося. “Прабачце, абраная вамі валюта часова недасяжная", — адказвае банкамат BelSwissBank. Таксама долараў няма ў АТМ у гандлёвым цэнтры “Карона”, які належыць таму ж банку. Грошы ўдалося зняць толькі ў трэцім па ліку банкамаце.
Каб развеяць раптоўную турботу, мы вырашылі звярнуцца непасрэдна ў банк.
“У банку няма валюты, няма чым грузіць банкаматы”, — адзначае супрацоўнік BelSwissBank.
Калі ж валюту можна будзе зняць з карткі, у банку не адказалі. А калі вы атрымліваеце заробак у доларах, то трэба ехаць у галоўны офіс банка, там дапамогуць, раіць супрацоўніца BelSwissBank.
Супрацоўніца банка: “ Гэта звязана з тым, што валюты ў банку мала, таму банкаматы загружаюцца ў апошнюю чаргу. У вас картка ў доларах? Можаце пад’язджаць у галоўны офіс банка”.
У банку “Масква-Мінск” таксама адчуваецца недахоп замежных грошай. Банкаматы раяць абіраць іншую валюту, бо запатрабаванай няма.
“Цяпер прадаецца толькі тая валюта, якую здае насельніцтва. Таму банкаматы могуць не загружаць валютай”, — распавядаюць ў банку “Масква-Мінск”.
У банках недахоп валюты тлумачаць дзеяннямі Нацбанка, бо той увёў абмежаванне на яе пакупку для юрыдычных асобаў.
“Гэта звязана з вялікім попытам на валюту і ўвядзеннем 30-дзённага тэрміна для юрыдычных асобаў на пакупку валюты”, — тлумачаць сутнасць праблемы ў банку “Масква-Мінск”.
Нагадаем, такое абмежаванне Нацбанк увёў 16 сакавіка.
Між іншым, чэргі ля абменнікаў зменшыліся! У банках кажуць, што ў людзей наўпрост скончыліся грошы.
“Супакоілася. З учорашняга дня ўжо ўсё”, — запэўнілі Еўрарадыё у абменніку "Белаграпрамбанка".
Але ў банкаматах па-ранейшаму назіраецца валютны голад.