Апазіцыя баіцца, што Еўрасаюз адменіць санкцыі да Беларусі (абноўлена)

У кастрычніку Брусэль мусіць перагледзіць пытанне санкцый да беларускіх чыноўнікаў. Беларуская апазіцыя будзе прасіць, каб санкцыі пакінулі. Пра гэта Еўрарадыё распавёў старшыня АГП Анатоль Лябедзька. Лябедзька: "Змякчэнне рашэння ці адмена санкцый - гэта адмоўны мэсідж, скіраваны да беларускага грамадства перад выбарамі. Таму мы спрабуем загаддзя сфармаваць агульную пазіцыю прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці і данесці яе да Брусэля".

Па словах Лябедзькі, падставаў для адмены санкцыяў няма. Але калі ўсе краіны не выкажуцца за падаўжэнне, санкцыі могуць скасаваць.

"Рашэнне павінна прымацца кансэнсусам. Такі механізм быў прыняты мінулы раз, калі санкцыі замарозілі. Таму сітуацыя непрыемная. У мінулым годзе санкцыі замарозілі часткова. Зараз, каб пакінуць папярэдняе рашэнне, патрэбна, каб быў кансэнсус. Гэта значыць, што ўсе 27 краін мусяць падтрымаць яго. Калі няма кансэнсусу, то гэта азначае, што санкцыі аўтаматычна здымаюцца", - кажа Лябедзька.

Вельмі часта апазіцыю абвінавачваюць у падтрымцы санкцыяў супраць Беларусі. Анатоль Лябедзька кажа, што гэта падмена паняццяў, часам нават адмысловая. Бо санкцыі не датычаць усёй краіны - яны кропкавыя і накіраваныя толькі супраць некаторых чыноўнікаў.