Аляксандр Гесэль: Беларусь абавязкова далучыцца да Савета Еўропы

Еўрарадыё: Беларусь і Савет Еўропы — апішыце сённяшні дзень узаемаадносінаў?

Аляксандр Гесэль: Думаю, падчас візіту ў Савет Еўропы вы неаднаразова гэта пачуеце: Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая не з’яўляецца ўдзельнікам Савета Еўропы. Далучыцца да нашай арганізацыі — цалкам натуральны шлях і лёс для Беларусі. Іншая справа — калі. Гэтае пытанне цікавіць нас апошнія 20 гадоў. І, на жаль, сёння на гэта пытанне не можа даць адказ ніхто з нас — гэта можа адбыцца і хутка, і вельмі няхутка. Залежыць гэта ад суб’ёктыўных момантаў. Хаця, ёсць моманты і аб’ектыўныя, звязаныя з удзелам Беларусі ў Савеце Еўропы. Сённяшні статус Беларусі вядомы, але незразумелы. Статус вельмі цікавы: спецыяльна запрошаны, але часова… замарожаны. Тым не менш, вядома што гэты статус спецыяльна запрошанага можа быць у любы момант вернуты Беларусі. Для гэтага павінна быць жаданне з абодвух бакоў.

Еўрарадыё: Што перашкаджае?

Аляксандр Гесэль: Ведаеце, вось мы пастаянна кажам, што “мы гатовыя, але ёсць нейкія ўмовы” і гэтак далей. Я заўжды тут кажу сваім калегам, што Беларусь — гэта незалежная, суверэнная дзяржава, у якой павінны быць хаця б такія ж жаданні. А я далёка не ўпэўнены, што Беларусь сёння гатовая і хацела б аднавіць на 100% свае кантакты з Саветам Еўропы. Аднавіць іх, можа, і лёгка, але гэта вымагае вельмі няпростых рашэнняў з боку Беларусі і на гэта складана пайсці. Вось, 20 гадоў таму, на гэта пайсці было прасцей. А сёння, калі ўсе вашы суседзі з’яўляюцца ўдзельнікамі Савета Еўропы, нават ваша ўсходняя суседка, вашы ўлады могуць выдатна бачыць: што гэта значыць, быць удзельнікам Савета Еўропы. З аднаго боку, Савет Еўропы — гэта вельмі годнае месца. Савет Еўропы грунтуецца на каштоўнасцях, і нават вельмі цынічныя людзі, патрапіўшы ў гэтую атмасферу, з часам пачынаюць дзейнічаць адпаведна. І шмат гадоў гэта арганізацыя была гэтакім джэнтльменскім клубам. Сябра клуба адчуваў сябе джэнтльменам і быў вымушаны паводзіць сябе адпаведна. Не быць удзельнікам гэтага клуба — з аднаго боку, прасцей, але з іншага — складаней. Бо што вісіць і што цісне на нашы ўлады? Суд па правах чалавека. Гэта небяспечная рэч, бо гэта цалкам незалежны суд. Туды не занясеш “слоічак з варэннем” — гэта немагчыма. Гэта вельмі сумленныя людзі, і яны прымаюць рашэнні ў адпаведнасці з міжнароднымі законамі. Гэта вельмі небяспечная рэч, гэта тое, што на сабе адчула кожная дзяржава Савета Еўропы.

Еўрарадыё: І ў чым небяспека?

Аляксандр Гесэль: Ні ў каго з 47 краін-удзельніц Савета Еўропы не было поўнай любові з еўрапейскім судом па правах чалавека. Ёсць любоў, калі яны займаюцца чужымі справамі. Усе ў поўным захапленні, калі яны выносяць цяжкія і прынцыповыя рашэнні ў дачыненні да сваіх суседзяў. А як толькі справа тычыцца вас! Мала каму падабаецца. Але з іншага боку, у вас ёсць магчымасць атрымаць справядлівае рашэнне. І гэта рызыка. На яго варта ісці ці не? Вось, не так даўно Расіі прысудзілі выплаціць 1 мільярд 800 мільёнаў долараў “ЮКАС”. І адразу з’явілася шмат негатыўных каментарыяў у расійскіх СМІ. Але ж калі гэты суд 2 гады таму вынес рашэнне, што Міхаіл Хадаркоўскі не з’яўляецца палітычным зняволеным, то нават Уладзімір Пуцін казаў: “Вось, бачыце — нават еўрапейскі суд!”. А ўсё проста, суд судзіць у адпаведнасці з міжнародным і расійскім заканадаўствам, і па факце. І таму ніколі не бывае, каб з еўрапейскім судом усім усё падабалася. І ў гэтым ёсць свой плюс. Калі жыць больш-менш сумленна, ён не перашкаджае і нават наадварот дапамагае. І таму, як бы якая краіна ні любіла еўрапейскі суд, ніводная з іх не імкнецца выйсці з Савета Еўропы. І Расія, і нават Азербайджан, да якога шмат прэтэнзій. Бо нават імкнучыся сябраваць з Кітаем, ніхто не хоча канчаткова рваць кантакты з Еўропай, з яе сістэмай каштоўнасцяў. І калі адна краіна выпадае з гэтай сістэмы, еўрапейская краіна, то гэта вельмі сумна для абодвух суб’ектаў — гэта я пра Беларусь.

Еўрарадыё: Але нейкія кантакты ў СЕ з Беларуссю ўсё ж ёсць?

Аляксандр Гесэль: У нас вельмі маленькая прысутнасць у Беларусі — толькі інфапункт на базе БДУ. Мы стараемся супрацоўнічаць з Беларуссю. Не будзе праўдай, калі скажу, што беларускія ўлады не хочуць ніякага супрацоўніцтва — яно ёсць. І Беларусь далучылася да часткі канвенцый Савета Еўропы. Гэта маленькія крокі, але ў правільным накірунку. Калі немагчыма ўзяць усё адразу, то трэба браць часткамі. Бо далучэнне да любой еўрапейскай канвенцыі — гэта ўжо змены заканадаўства ў правільным накірунку. Беларусь абавязкова далучыцца да Савета Еўропы, і калі гэта адбудзецца, то неабходна, каб была нейкая база. І гэтую базу мы зараз будуем.