Актывістаў “Гавары праўду!” прызналі невінаватымі ў нецэнзурнай лаянцы

Суддзя Кастрычніцкага раённага суду Мінску Сяргей Германовіч спыніў адміністрацыйныя справы супраць валанцёраў кампаніі «Гавары праўду» Вячаслава Мухі і Паўла Сегава, якіх міліцыя абвінаваціла ў дробным хуліганстве, паведамляе Радыё Свабода. Падзеі, якія сталі прычынай суду, адбываліся раніцай 5 жніўня на чыгуначным вакзале ў Мінску. Дзяжурны міліцыянт Аляксандра Русецкая папрасіла двух хлопцаў паказаць дакументы, бо хлопцы падаліся ёй падазронымі. Дакументаў яны не мелі. Тады Муху і Сегава затрымалі і павялі ў міліцэйскі ўчастак. Паводле версіі міліцыі, яны “нецэнзурна лаяліся”.

Суддзя Сяргей Германовіч палічыў, што калі “нецэнзурную лаянку” ніхто, апроч міліцыянта Аляксандры Русецкай не чуў, то гэта не з’яўляецца парушэннем грамадскага парадку.