55 тысяч ветэранаў пазбавілі права на льготнае жыллё

Дзве траціны ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны пазбавілі “кватэрных” ільгот. Пра гэта Еўрарадыё расказалі ў аддзеле жыллёвай палітыкі адміністрацыі Савецкага раёна Мінска.

Супрацоўніца аддзела жыллёвай палітыкі: “Я вам зачытаю ліст, які нам даслала вышэйшае кіраўніцтва, — упраўленне жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама. З 15 красавіка ў сувязі з набываннем моцы закона адмяняюцца ранейшыя льготы на першачарговае ўключэнне ў жыллёва-будаўнічыя кааператывы шэрагу катэгорый асоб, вызначаных у законе Рэспублікі Беларусь “Аб ветэранах”. І дадатак: “Асоб, узнагароджаных за самаадданую працу ў гады вайны і блакаднікаў, інваліды з дзяцінства ў сувязі з ВАВ, былыя вязні канцлагераў. Яны згубілі права на першачарговае будаўніцтва. У гэтай сувязі пэўныя спісы асоб, якія маюць права на першачарговае ўключэнне ў арганізацыі забудоўшчыкаў, з 15 красавіка анулююцца. І раней занесеныя ў іх грамадзяне пераводзяцца ў агульную катэгорыю ўліку”.

Закон, на які спасылаецца супрацоўніца адміністрацыі аднаго з раёнаў сталіцы, быў прыняты дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў 28 снежня 2009 года — “Аб унясенні зменаў і дадаткаў у законы РБ “Аб ветэранах” і “Аб статусе Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы”. Менавіта ён набыў моц 15 красавіка гэтага года і пазбавіў частку ветэранаў права на пазачарговае будаўніцтва жылля.

Як паведамілі Еўрарадыё ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, сёння ў Беларусі жывуць 89 220 ветэранаў. З іх 54 816 трапляюць у лік тых ахвяраў вайны, каго пазбавілі “будаўнічых” ільгот.

Міністэрства працы і сацабароны: “Асоб, узнагароджаных ордэнамі і медалямі за самаадданую працу ў тыле — 10 тысяч. Асоб, якія працавалі на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда падчас блакады — 916 чалавек. Былыя вязні фашысцкіх канцлагераў — 42 500. Інваліды з дзяцінства ў выніку вайны — іх 1200 чалавек”.

Чаму было прынята такое рашэнне, Еўрарадыё запыталася ў сябра камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Алены Дзікавіцкай. Дарэчы, менавіта яна была адказная за яго падрыхтоўку да разгляду. Але дэпутат сцвярджае, што нікога з ветэранаў прыняты закон ільгот не пазбаўляе.

Алена Дзікавіцкая:
“Вось перада мной ляжыць стары  закон і новы закон — практычна тут усё засталося тое ж самае”.

Не толькі, кажа, тыя ж самыя льготы, але і для тых жа самых катэгорый ветэранаў. Таму, разважае Алена Дзікавіцкая, калі штосьці і памянялася для асобных ветэранаў, то гэта было прапісана не ў прынятым дэпутатамі законе, а ў нейкіх іншых заканадаўчых актах.

Рэакцыя супрацоўніцы аддзела жыллёвай палітыкі на гэта выказванне дэпутата была даволі рэзкая.

Супрацоўніца аддзела жыллёвай палітыкі:
“Трэба закон дэпутату чытаць уважліва. Параўноўваць, які ён быў і які ён цяпер. Там удзельнікам і інвалідам ВАВ правы не ўшчамілі. Там змянілася для асоб, узнагароджаных за самаадданую працу ў гады вайны, блакаднікаў… Меры сацыяльнай абароны ў іх іншыя цяпер: у іх няма першачарговага накіравання на будаўніцтва жылля ў кааператывах”.



Самае цікавае, што пра пазбаўленне часткі ветэранаў “будаўнічых” ільгот не ведае нават старшыня Рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Новікаў.

Анатоль Новікаў:
“Ільготная чарга на будаўніцтва — яна існавала і існуе: ніхто яе не адмяняў”.

Супрацоўнікі аддзела жыллёвай палітыкі знаходзяцца ў разгубленасці — цяпер ветэранаў трэба выкрэсліваць з ільготнай чаргі на будаўніцтва, уносіць у агульную чаргу і паведамляць людзям пра гэтыя змены. Прычым, напярэдадні іх галоўнага свята. І добра, кажа суразмоўца Еўрарадыё, каб адну льготу замянілі на іншую, але і гэтага не было зроблена.

Супрацоўніца аддзела жыллёвай палітыкі: “Вядома, яны гэта не своечасова зрабілі — напярэдадні юбілею. Народ ходзіць, пытаецца, тыя, хто гэтыя льготы мелі. Працаўнікі тылу, блакаднікі, вязні — іх з пазачарговага ўключэння ў чаргу прыбралі, а ва Ўказе прэзідэнта №185, як тых, хто мае права на першачарговае атрыманне крэдыту на будаўніцтва, іх не прапісалі”.

Галоўнае, што зараз будзе цікавіць былых ільготнікаў, — іх нумар у агульнай чарзе і колькі часу давядзецца чакаць пачатку будаўніцтва. Што тычыцца першага, то, па словах супрацоўніцы адміністрацыі, у агульную чаргу іх унясуць тым днём, у які ветэраны калісьці прыносілі сваю заяўку на пастаноўку ў чаргу. А вось чакаць пачатку будаўніцтва ім цяпер нароўні з усімі — ад 10 да 20 год.

Таксама па тэме:

Ветэраны вайны адмаўляюцца ад бясплатнага сацыяльнага жылля

Ветэран: Навошта мне той інтэрнэт! Ды і які ветэран туды пойдзе?!