20:13 Вернікі просяць вярнуць святыню

Больш за чатыры тысячы подпісаў сабрана пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам мінскіх манастыра і касцёла бернардзінцаў - помнікаў архітэктуры барока XVII стагоддзя, размешчаных па вуліцы Кірылы і Мяфодзія. Як паведаміла член камітэта рымска-каталіцкай абшчыны святога Іосіфа Івона Мацукевіч, у звароце, у прыватнасці, гаворыцца, што вернікі "абураны бязбожным планам рэканструкцыі манастырскага комплексу і касцёла св. Іосіфа".

"Мы пратэстуем супраць рэканструкцыі асвешчанага храма і манастыра - месца малітвы і духоўнага адраджэння нашага народа - пад гатэльны комплекс, забаўляльныя залы, рэстараны", - зазначаецца ў дакуменце.

Вернікі просяць вярнуць святыню Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адзначаюць, што набажэнствы ў касцёле будуць праводзіцца па-беларуску, а будынкі манастыра будуць выкарыстоўвацца пад нядзельную школу і ведамствы архідыяцэзіі.

Збор подпісаў пачаўся пасля таго, як стала вядома аб планах Мінскага гарвыканкама перадаць будынкі манастыра інвестарам для рэканструкцыі і прыстасавання пад гатэльны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння.

Манастыр, пабудаваны на сродкі дабрачынцаў, а не казны, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі пасля ўдушэння нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

У будынку былога храма дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. З будынкаў манастыра выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

Трэба зазначыць, што ў студзені 2007 года ўпраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры выдала унітарнаму прадпрыемству "Мінскпраект" дазвол на правядзенне навукова-даследчых і праектных работ на аб'ектах былога манастыра.

Больш за тры гады абшчына св. Іосіфа праводзіць штодзённыя набажэнствы за вяртанне вернікам будынка былога касцёла, дзе плануецца размясціць канцэртную залу.