16:44 “Віцебскі кур'ер” застаецца ў сваім памяшканні

“Віцебскі кур'ер” застаецца ў сваім памяшканні, але пакуль не здолеў знайсці друкарню. Падрабязнасці ў рэпартажы нашай Віцебскай карэспандэнткі Ядвігі Сташэўскай: “Учора Вышэйшы гаспадарчы суд адмяніў рашэнне Віцебскага абласнога гаспадарчага суда аб прызнанні несапраўдным дагавору арэнды памяшкання паміж прадпрыемствам “Элсан” і недзяржаўнай газетай “Віцебскі кур'ер”.

Справа “Кур'ера” ізноў адпраўлена на разгляд у першую інстанцыю - абласны гаспадарчы суд. Па меркаванні праваабаронцы Беларускага Хельсінкскага Камітэта Паўла Левінава, такім чынам суд проста вырашыў працягнуць час да тае пары, пакуль срок арэнды не скончыцца. Згодна з дамовай аб арэндзе памяшкання, у “Кур'ера” ёсць яшчэ пяць месяцаў.

Абласная друкарня, якая на мінулым тыдні адмовіла “Віцебскаму кур'еру” у сваіх паслугах, так і не змяніла сваё рашэнне. Мінулы нумар накладам 1800 асобнікаў быў раздрукаваны на капіравальнай тэхніцы. Сёння павінен быў выйсці чарговы нумар “Кур'ера”, але пакуль невядома, калі ён дойдзе да чытача."