15:29 Газета “Нясвіжскі час” ваюе за падпіску
У рэдакцыю раённай газеты “Нясвіжскі час” прыйшло папярэджанне пра скасаванне дамовы на распаўсюд выдання праз падпіску.
Нагадаем, раней падобнае папярэджанне накіравала раённае аддзяленне “Саюздруку”. І калі з “Саюздрукам” удалося дамовіцца на рэалізацыю газеты да 20 сакавіка, то начальнік пошты заяўляе, што ўвогуле скасоўвае дамову на распаўсюд з 1 лютага, хоць папярэдні лютаўскі нумар “Нясвіжскага часу” на рэалізацыю паштавікі бралі.Начальнік нясвіжскай пошты спасылаецца на тое, што рэдакцыя не падала пры заключэнні пагаднення ліцэнзію на выдавецкую дзейнасць. Ствараецца ўражанне, што на пошце не ведаюць пра тое, што ліцэнзія на выданне друкаваных СМІ не патрэбна, паколькі функцыі выдаўца выконвае сама рэдакцыя.
У сувязі з гэтым на пошту накіраваны ліст, што рэдакцыя згоды на скасаванне дамовы не дае і яе датэрміновае скасаванне магчымае толькі ў судовым парадку.
Алесь Літоўчык, Еўрарадыё, Нясвіж