Затрыманых журналістаў «Нашай Нівы» будуць судзіць

У судзе Маскоўскага раёна вывешаны спіс затрыманых 25 сакавіка, чые адміністратыўныя справы будуць разглядацца сёння. Сярод іх фігуруе прозвішча журналіста «Нашай Нівы» Сямёна Печанко. Яго справу будзе разглядаць суддзя Т. Унукевіч. Як паведаміў намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец, які гэтымі хвілінамі знаходзіца ў судзе, усяго ў спісе фігуруе 19 чалавек. Усе яны абвінавачваюцца паводле арт. 23.34 КаАП — парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў.

Як паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама Анатоль Куляшоў, усяго міліцыя ў Дзень Волі затрымала ўчора ў Мінску 88 чалавек. З іх 13 непаўнагадовых перадалі бацькам, а дваіх — мяркуючы па ўсім, здымачную групу літоўскага тэлебачання — адпусцілі без складання пратаколаў.

Па словах сп-ра Куляшова, у дачыненні да астатніх былі складзеныя пратаколы аб парушэнні парадку арганізацыі і правядзенні масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП), і сёння іх справы будуць разглядаць раённыя суды.

Нагадаем, што сярод затрыманых знаходзіцца таксама пазаштатны фотакарэспандэнт «Нашай Нівы» Андрэй Лянкевіч (Савецкі РУУС). У яго, як і ў Сямёна Печанко, на момант затрымання былі пры сабе журналісцкія пасведчанні.

Спробы БАЖ і рэдакцыі «Нашай Нівы» пераканаць кіраўніцтва раённых УУС у тым, што журналісты выконвалі на акцыі свае прафесійныя абавязкі, не далі плёну.

Прэс-служба ГА “БАЖ”