З падачы Таццяны Севярынец да вязняў КДБ пусцяць святара?

У гутарцы з Еўрарадыё Таццяна адзначыла, што на яе просьбу адгукнулася шмат праваслаўных святароў. Адзін з іх, айцец Алег, нават падаваў заяву на сустрэчу з Севярынцам, але яму адмовілі.

Таццяна Севярынец хацела сустрэцца з мітрапалітам Філарэтам, але той адаслаў яе да епіскапа Веніяміна. На яе думку, вынік размовы з епіскапам быў станоўчы.

Севярынец: “Вынік, думаю, станоўчы. Ён паабяцаў, што будзе дамагацца, каб да Паўла ў СІЗА КДБ быў адпраўлены святар. Веніямін пазначыў у сябе, што менавіта айца Алега, які зрабіў для гэтага нейкія крокі, яны і адправяць на сустрэчу з Паўлам, калі гэтае пытанне будзе вырашана станоўча”.

Са словаў маці палітвязня, вырашаць гэтае пытанні епіскап будзе з кіраўніцтвам КДБ. Акрамя гэтага Таццяна Севярынец дамагаецца, каб СІЗА КДБ заключыла дамову з епархіяй. Яна хоча, каб вязні “амерыканкі” маглі ажыццяўляць свае рэлігійныя патрэбы.