В.Лявонаў: Рэкордны ўраджай не толькі з-за надвор'я, але і адносінаў людзей

Валавы збор збожжа ў Беларусі сёлета перавысіў 8 млн 900 тысяч тон. Гэта на паўтара мільёна тон болей, чым было летась. Такога ўраджаю Беларусь за гады незалежнасці не ведала. Былы міністр сельскай гаспадаркі (у 1994-97 гг.) Васіль Лявонаў у інтэрв'ю Еўрарадыё разважае пра фактары, якія прывялі да гэтай падзеі.
"Колькі там рэальна, а колькі прыпісалі, я гэтага ведаць не магу, але год для вёскі быў вельмі спрыяльны, выключна спрыяльны. Прырода працавала на ўраджай", - кажа Лявонаў.

Паводле яго словаў, такія гады здараюцца надзвычай рэдка. І цяпер трэба абавязкова засыпаць збожжа ў страхавы фонд. Тым часам высвятляецца, што памяшканняў для яго захоўвання не хапае.

Васіль Лявонаў перакананы, што аднаго спрыяльнага надвор'я для збору рэкорднага ўраджаю было б недастаткова. Відавочна, што адыграў важную ролю чалавечы фактар. Лявонаў параўноўвае сённяшнюю сітуацыю з пачаткам 90-х гадоў:

"Тады не было такога разумення ў людзей, што трэба не сеяць і прыбіраць, а трэба сеяць і вырошчваць. Вось гэтае разуменне ў беларусаў пачало з'яўляцца якраз з пачатку 90-х гадоў. Гэта ўжо ў тэхналогіі, майстэрстве, досведзе кіраўнікоў гаспадарак, аграномаў, механізатараў. І гэтае майстэрства непазбежна расце".