У Зэльве моладзь ушанавала памяць Ларысы Геніюш

Некалькі дзесяткаў маладых людзей ушанавалі ў Зэльве памяць Ларысы Геніюш, знакамітай беларускай паэткі і дзеяча нацыянальнага руху. Гэтымі днямі ёй споўнілася б 97 гадоў. А 9-й гадзіне ў суботу ў мясцовай Свята-Траецкай царкве прайшло набажэнства, на якім прысутнічала моладзь з Зэльвы, Гродна, Слоніма, Свіслачы. Пасля каля помніка Ларысе Геніюш каля праваслаўнага храма былі ўскладзены кветкі, запаленыя знічкі.

Пазней усе сабраліся каля магілаў Ларысы і Янкі Геніюшаў, чыталіся вершы, былі прамовы. Агулам прысутнічалі каля 50 чалавек.

Пра значэнне асобы Ларысы Геніюш гаворыць удзельнік зэльвенскага ўшанавання, журналіст і грамадскі дзеяч Павел Мажэйка:

“Сёння ў нас не хапае ў палітыкаў, у эліты той мужнасці, сілы волі, адвагі, духоўнасці, якія мела Геніюш… Ларыса Геніюш – гэта тая асоба, якая праз сваё жыццё, праз сваю творчасць пранесла сілу духа”.

Нягледзячы на тое, што акцыя праходзіла пад нацыянальнай сімволікай, праваахоўнікі яе правядзенню не перашкаджалі.