У Беларусі могуць стварыць спрыяльныя ўмовы для спонсараў і мецэнатаў

Міністэрства культуры будзе ініцыяваць змены ў заканадаўстве Беларусі з мэтай стварэння больш спрыяльных умоваў для спонсараў і мецэнатаў. Пра гэта заявіў першы намеснік міністра культуры Ўладзімір Карачэўскі на прэс-канферэнцыі з нагоды адкрыцця Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета, які пройдзе ў Мінску з 6 па 13 кастрычніка. На думку намесніка міністра, вельмі важна зрабіць так, каб бюджэтнае фінансаванне розных фестываляў было мінімальным і яны сталі як мага больш акупляльнымі. Для гэтага і важна заахвоціць спонсараў. Фундатары дапамагаюць зрабіць так, каб кошты на білеты былі больш дэмакратычнымі. Напрыклад, фестываль Башмета мае двух спонсараў — кампанію “Мабільныя ТэлеСістэмы” і Japan Tobacco International. Дзякуючы ўдзелу гэтых кампаніяў у фінансаванні фестывальных мерапрыемстваў, кошты на канцэрты сусветнавядомых зорак акадэмічнай музыкі вагаюцца ад 20 да 90 тысяч рублёў, паведамляе БелаПАН.