Сям'я Алеся Пушкіна правядзе ў Бабры "вясёлую акцыю" на Дзень Волі

Перформанс збіраецца наладзіць на Дзень Волі ў мястэчку Бобр у Крупскім раёне мастак Алесь Пушкін. Яго ён называе "вясёлай акцыяй". Пушкін распавёў у інтэрв'ю Еўрарадыё некаторыя падрабязнасці перформансу:

"На цэнтральным пляцы мястэчка Бобр будзе стаяць вялікі стол. На ім будзе прыгожы пірог "90 год БНР", шпакоўні рознакаляровыя будуць стаяць каля стала, бо гэта сімвал вясны. Уявіце, які крэатыў: яркія сінія, белыя, бел-чырвона-белыя, еўрапейская адна ёсць шпакоўня.

Два сцягі будуць побач са сталом — еўрапейскі і бел-чырвона-белы вялікі. Будзе стаяць Пушкін, стаяць дзеткі ягоныя і ягоная жоначка. Мы будзем інфармаваць мінакоў, якія будуць праходзіць па цэнтральным мястэчку, аб тым, што 90 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка".


Сям'я Пушкіных будзе раздаваць каляндарыкі і частаваць мінакоў пірагом.