Шумчанка: Лукашэнку давядзецца прызнаць памылковасць свайго рашэння

Індывідуальным прадпрымальнікам дазволяць браць на працу наёмных супрацоўнікаў. Пра наяўнасць такой норму ў Дырэктыве №4 Аляксандра Лукашэнкі паведаміў намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур. Нагадаем, што некалькі гадоў таму прэзідэнцкі ўказ №302 рашуча забараніў індывідуальным прадпрымальнікам мець наёмных работнікаў, за выключэннем сваякоў.

На думку лідара аб'яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоля Шумчанкі, наяўнасць такога пункту  ў Дырэктыве №4 і цяпер выглядае небясспрэчна.

Шумчанка: “Таму што гэтая прэрагатыва застаецца за Лукашэнкам. Гэта ўжо палітычнае пытанне. Калі ацэньваць шанцы, то - "фіфці-фіфці”. Фактычна, Лукашэнку трэба будзе прызнаць памылковасць прынятага рашэння”.

Але ўсе вядучыя міністэрствы і ведамствы, занятыя ў эканамічнай галіне, хочуць ісці насустрач малому бізнесу, кажа Шумчанка. Па яго словах, страты ад указу №302 былі велізарнымі.

Шумчанка: “Страты панеслі не столькі прадпрымальнікі, сколькі дзяржава. І сума вылічваецца мільёнамі еўра. Таму што перш за ўсё гэта стварэнне працоўных месцаў, якое страціла дзяржава. І пераўплата падаткаў у бюджэт”.

“Перспектыва” падлічыла, што калі вернуць наёмных супрацоўнікаў, то можна хутка стварыць 65 тысяч працоўных месцаў. Гэта перспектыўны крок для выхаду з эканамічнага крызісу, кажа Шумчанка.