Севярынцу будуць пісаць лісты ў СІЗА КДБ з радкамі з Евангелля
Як адзначыў Віталь Рымашэўскі, якога выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, да Паўла Севярынца наўрад ці дапусцяць сваякоў і цягам бліжэйшага месяца.
Маці Паўла Севярынца Таццяна пакуль так і не змагла дамагчыся сустрэчы са сваім сынам, якому выставілі абвінавачанне ў арганізацыі і ўдзеле ў акцыі пратэсту, якая паводле крымінальнай справы называецца “масавымі беспарадкамі”.
Адвакаты ў сваю чаргу мелі магчымасць сустрэцца з Паўлам пакуль толькі двойчы. Не дазволілі і Віталю Рымашэўскаму сустрэцца са сваім паплечнікам, каб перадаць Біблію, якая недаступная для вернікаў, змешчаных у СІЗА КДБ, паведамляе Радыё Рацыя.
На думку Віталя Рымашэўскага, для верніка вельмі важна мець пры сабе Біблію, Евангелле. Кнігі, якія ёсць у СІЗА КДБ, — гэта не тыя кнігі, якія б стаў чытаць Павел. Таму паплечнікі зняволенага распачалі новую акцыю: яны будуць пісаць яму лісты, і ў кожны ліст будуць перапісваць па некалькі радкоў з Евангелля.
Праўда Рымашэўскі не ўпэўнены, што гэтыя лісты дойдуць да Паўла Севярынца. Да самога Рымашэўскага, пакуль той знаходзіўся за кратамі , апроч адзінай віншавальнай тэлеграмы, не дайшоў ніводзін ліст, які яму адпраўлялі сваякі і паплечнікі.