Жыхар забруджанай зоны: Ільготы знялі, значыць, тут чыста

Беларуская вёска Савічы знаходзіцца на мяжы 30-ці кіламетровай зоны адчужэння. Яе жыхароў выселілі адразу пасля аварыі, зранку 26 красавіка 1986 года. Цяпер тут жывуць 32 чалавекі – самасёлы, якія вярнуліся сюды праз колькі гадоў пасля аварыі.

Так выглядаюць большасць дамоў у Савічах


“Прыйшлі ў чатыры гадзіны раніцы. Маўляў, трэба выехаць на пару дзён – выбухнула ЧАЭС”, - прыгадвае жанчына з адселенай вёскі, якая прыехала сюды да сваякоў.

Пры адсяленні вывезлі таксама і скаціну.
“Падагналі машыны, свіней, кароў, цялят грузілі. Наступныя машыны вывозілі нас”, - прыгадвае другая жыхарка вёскі.


Цяпер большасць дамоў пустыя, на адной вуліцы жывуць толькі некалькі чалавек. У многіх дамах няма шыбаў, дзесьці абрушваюцца сцены, дах. Аляксандр Анопрыенка жыве тут з жонкай Ірынай. Ён вярнуўся ў родную вёску праз тры гады пасля аварыі. Раней тут было вялікае сяло, прыгадвае ён.

Рэшткі фермы


Анопрыенка: “Вялікае сяло тут было. Вельмі вялікае. Саўгас мільянер быў –“Савіцкі””.
Аляксандр з Ірынай гадуюць двух дачок. У школу і дзіцячы садок даводзіцца ездзіць за 20 кіламетраў. Іх возяць адмысловым аўтобусам. Аляксандр працуе ў Палескім заказніку, Ірына – носіць пошту.

Дарэчы, узровень радыяцыі ў гэтай вёсцы не замяралі, кажа Аляксандр.


“Хто тут што замярае: ільготы паздымалі, значыць, чыста. Калі нячыста, дык, значыць, трэба плаціць людзям”.
Яму падказвае сваячка з адселенай вёскі, якая жыве ў Докшыцах.


“А як захварэў, так анкалогія. Адкуль жа? Вядома, з Чарнобыля”.


Раней у вёсцы жыло каля тысячы чалавек. Цяпер засталося толькі 16 жылых дамоў. Жыхар Савічаў Мікалай Нікіцін мае праблемы са здароўем. У яго зламаныя ногі і косткі таза. Але ніякіх сацыяльных выплат ён не мае, бо згубіў пашпарт.

Нікіцін: “Няма ў мяне дакументаў. Згубіў пашпарт, трэба ўзнаўляць, а сам паехаць не магу. Цяпер трэба зноў ехаць на аперацыю”.


Мікалай сам даглядае гаспадарку. Кажа, складана, але дапамагчы няма каму. Жыхары Савічаў не маюць сацыяльных выплат і ільготаў. Няма нават паліклінікі, кажа Кацярына Чэчка.


Чэчка: “А хто дапамагае? Нічога няма. Нават захварэю, дык даводзіцца ехаць у Брагін. Набуду там таблетак – і ўсё”.


Да будаўніцтва АЭС ў Астраўцы жыхары вёскі ставяцца з насцярожанасцю. Маўляў, калі ў Чарнобылі будавалі, таксама казалі, што ўсё бяспечна.


“Вядома, страшна, калі няма ніякіх гарантый. Калі вакол нас будавалі, таксама казалі, што ўсё надзейна. Але, вядома, электрычнасць патрэбная. У нас жа няма нафты і вугалю”, - кажа сваячка Кацярыны Чэчкі.


Сын Кацярыны Мартаўны быў ліквідатарам на АЭС. Жыў і працаваў у Прыпяці. Цяпер жыве і працуе ў Кіеве. Зараз Уладзімір Чэчка прыехаў да маці ў госці. Ён адпрацаваў на АЭС каля 15 гадоў.


Як ліквідатар, Уладзімір мае ільготы ва Украіне: зніжка на паслугі ЖКГ, бясплатны праезд, лекі, можна раней выходзіць на пенсію. У Беларусі гэтых ільгот няма.


Праўда, ва Украіне існуе іншая праблема, цвердзіць Уладзімір. Тыя, хто працаваў на АЭС тры дні, маюць больш ільготаў, чым тыя, хто прапрацаваў 15 гадоў. Цяжка даказаць, што ты сапраўды ліквідатар, скардзіцца ён.


Дарэчы, паводле дадзеных Белстату на 2011 год ў зоне першаснага адсялення ўжо ніхто не жыве. У зоне наступнага адсялення жыве каля 1800 чалавек. Агулам, у забруджанай радыяцыяй зоне пражывае 1 мільён 140 тысяч чалавек.

Савічы

Савічы

Савічы