Як дэкан БДУ пераўтварае заробак 500 долараў у 700 (відэа)
Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў лічыць, што ўжо сёння беларусы зарабляюць больш за 700 долараў і тлумачыць гэта студэнтам на лекцыі.
Кавалёў: “Па-першае, у Беларусі самы нізкі падаходны падатак у свеце — 12%. З атрыманага заробку мы плацім усяго 12% падаходнага падатку. Па-другое, амаль у кожнай краіне свету сам грамадзянін плаціць адлічэнні ў пенсійныя фонды, фонды аховы здароўя і іншыя сацыяльныя фонды. У нас жа гэта робіць працадаўца. Дададзім усё тое (да 500 долараў сярэдняга заробку — заўв. Еўрарадыё), і мы адразу ўбачым, што насамрэч у нас і сёння заробак большы, чым 700 долараў”.
Разам з тым эканаміст дадае, што ёсць і іншыя магчымасці для павелічэння заробкаў.
“Мы павінны працаваць лепей, больш прадукцыйна, пры гэтым не гнацца за імпартам, а купляць тое, што зрабілі сваімі рукамі”, — рэзюмуе прафесар.
Адзначым, што ў Беларусі не самы нізкі падаходны падатак у свеце. Так, у Балгарыі ён на 2% меншы, чым у нас (10%), а, напрыклад, у Андоры, Кувейце, Манака, Катары, ААЭ, Уругваі і некаторых іншых краінах яго няма зусім.