Як беспрацоўнаму знайсці месца на 10 мільёнаў. Частка 2.

У першай частцы рэпартажу я атрымліваў “Асабістую картку беспрацоўнага” і спрабаваў знайсці цёплае месца з заробкам ад 500$. У раённым аддзеле працаўладкавання мне прапанавалі дапамогу ад 100 да 200 тысяч у месяц і сацыяльныя падпрацоўкі.

Пошукі працы па спецыяльнасці не далі жаданага выніку, хоць знайсці пасаду ад 2 да 2,5 мільёнаў рублёў у сталіцы магчыма. Але што гэта за грошы!?

У аб'яднаным аддзеле працаўладкавання па Савецкім і Першамайскім раёнах Мінска мне расказваюць, што ёсць магчымасць запісацца на бясплатныя паўгадавыя курсы па новай спецыялізацыі. Аказваецца, хапае выпускнікоў, якія атрымліваюць дыпломы сантэхнікаў і пачынаюць зарабляць па пяць, сем і нават па дзесяць мільёнаў рублёў!

Навучанне такое праводзіцца на базе мінскіх прафесійных ліцэяў. І пры гэтым нават плацяць стыпендыю.

Вось гэта размова!

Яшчэ адна супрацоўніца аддзела працаўладкавання кажа мне пра хлебныя спецыяльнасці, на якія магчыма запісацца бліжэйшым часам.

Супрацоўніца аддзела:Маляр, тынкоўшчык, абліцоўчшчык, плітачнік. Шэсць месяцаў навучання, у якое ўваходзіць і тэорыя, і практыка. У нас ёсць яшчэ электрагазазваршчык. У нас ёсць пячнік. Але гэта спецыяльнасць вузкаватая, больш падыходзіць для сельскай мясцовасці”.

– А аўтаслесар ў вас ёсць? Таксама грашовае месца!

Супрацоўніца аддзела:Натуральна, так. Людзей з вышэйшай адукацыяй, якія ідуць навучацца на працоўныя спецыяльнасці дастаткова шмат. У нас ёсць выпускнікі, якія маюць па два ўніверсітэцкія дыпломы, па тры…”

Але пакуль я выбіраю, кім быць (аўтаслесарам ці сантэхнікам), прашу адправіць мяне на аплачваемыя грамадскія працы.

Падлічваю, што калі атрымліваць дапамогу па беспрацоўі (для маладога байца, як я, будзе каля 100 тысяч рублёў), і шабашыць на грамадскіх працах (яшчэ каля 46 тысяч рублёў у дзень чыстымі), то з голаду не памрэш. Пры жаданні па мільёне ў месяц з гэтай дзейнасці магчыма вымаць. Для гэтага неабходна адкрыць рахунак у банку і падаць картку сацыяльнага страхавання.

Таму бадзёрай хадой крочу да прахадной сталічнага Батанічнага саду.

Тых, хто думае, што такое месца працы – гэта кар’ера для сціплага батаніка, памыляецца. На паркоўцы каля ўваходу ў сектар рэалізацыі я бачу не толькі машынкі “сярэдняй рукі” былыя ў карыстанні, але і “Поршэ Каен”, і амаль новую “Сузукі Вітару”. Выходзіць, ёсць батанікі, з якіх можна браць прыклад.

Размеркаванне працы ў сектары рэалізацыі працягваецца гадзін да дзесяці. Асобы, якія падаюцца на хлябы аплачваемых сацыяльных прац, розныя. У асноўным гэта людзі пасля сарака. Нехта сапраўды страціў працу і трапіў у незайздроснае становішча. А некаму такі лад жыцця падабаецца. Напрыклад, адзін з маіх напарнікаў раней працаваў грузчыкам на хлебазаводзе. Зарабляў болей за два мільёны. Але яму не працягнулі кантракт. І шукаць новую працу мужчына не збіраецца, адказвае на гэта: “А навошта?”

Каля 10 гадзін дня я, апрануўшы працоўны халат і пальчаткі, іду на сваю працоўную пазіцыю. Буду перасаджваць расліну рададэндран.

За якія паўгадзіны, калі палітыя расліны прасякліся вільгаццю, я ўжо спрытна перасаджваю іх з маленькіх латочкаў ў большыя пластыкавыя “стаканы”.

Мой працоўны куратар, інтэлігентная і жыццярадасная спадарыня Жана, у свой час скончыла Фізфак БДУ.

Перасаджваючы рададэндран з хуткасцю 25 раслінаў у гадзіну, мы абмяркоўваем сусветную літаратуру.

 

За цікавымі размовамі і васьмігадзінны працоўны дзень не абцяжарвае. Калі добра працуеш і не сыходзіш на абед, то адпусціць могуць як мінімум на дзве гадзіны раней.

Пасля рададэндрана на грамадскія працы я больш не прасіўся.Праца-такі знайшлася.

P.S. Ёсць дадзеныя, што за першы квартал 2012 года ў Беларусі на аплачваемыя грамадскія працы папрасіліся каля 17 тысяч чалавек. За ўвесь 2011 год – каля 98 тысяч.

Па афіцыйных дадзеных на канец траўня, колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі нямногім большая за 30 тысяч чалавек. Хоць зразумела, што далёка не кожны пойдзе станавіцца на афіцыйны ўлік.