Як беспрацоўнаму знайсці месца на 10 мільёнаў. Частка 1
Стаўшы на ўлік у аддзел па працаўладкаванні, я шукаў вакансію з заробкам ад $500. Ці лёгка знайсці пасаду? Пра беспрацоўныя бадзянні — у матэрыяле Еўрарадыё.
Страціўшы колькі месяцаў таму працу, я пачынаю шукаць новую.
Якраз высокія чыноўнікі зноўку загаварылі пра план у $500 сярэдняга заробку для кожнага беларуса.
“Я скончыў бюджэтнае аддзяленне ўніверсітэту, маю досвед працы. Каму, як не мне, гэтыя 500$ плаціць?” — падумаў я і распачаў пошукі.
Спачатку наведваю сайт Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Там націскаю на банер “Вакансіі” і лёгка разбіраюся ў тэхналогіях пошуку. Аказалася, што ў гэту базу скідаецца ўсё, што вам прапаноўваецца ў нашых аддзелах працаўладкавання. Таму можна шукаць працу, не падымаючыся з хатняга фатэля.
Куды можа ўладкавацца журналіст?
У раздзеле “Дзеячы літаратуры і мастацтва” я не знаходжу ніводнай прапановы ў $500. Найбольш абяцаюць плаціць у тэлекампаніі “ВаенТБ” — 2250000 рублёў (каля $270).
Не знаходжу заробку, якім сябе ацаніў, і ў іншых раздзелах. Хоць прапановаў на два мільёны ў месяц хапае.
Затое ў вакансіях, дзе не патрабуецца вышэйшай адукацыі, прапановы заробку пачынаюць расці.
Напрыклад, кандуктару ў пятым тралейбусным парку Мінска абяцаюць плаціць тры мільёны. Маляру на адным з прадпрыемстваў — ад чатырох мільёнаў. Але брацца за венік ці замешваць бетон мне пакуль не хочацца. Навошта тады сканчаў БДУ?
Таму я вырашаю падацца да спецыялістаў — у аб’яднаны аддзел працаўладкавання па Савецкім і Першамайскім раёнах Мінска.
Туды падношу дыплом аб вышэйшай адукацыі, пашпарт і працоўную кніжку. За якія пятнаццаць хвілін запаўняю так званую “Картку”, дзе пазначаю, што хачу знайсці працу з заробкам ад $500, але ў выпадку чаго гатовы ўдзельнічаць у аплочваемых грамадскіх працах.
“Прычына вашага звальнення ўважлівая. Для вас магчыма дапамога па беспрацоўі, — ветліва абслугоўвае мяне кампетэнтная супрацоўніца аддзела працаўладкавання. — Каб памер дапамогі быў большы (а вагаецца яна ад адной да дзвюх базавых велічыняў, то бок ад 100 да 200 тысяч беларускіх рублёў), вам прапаноўваецца аформіць даведку аб заработнай плаце. Робіце гэта, і адкрываеце рахунак у банку.
Таксама згодна з законам “Аб занятасці” мы павінны падбіраць для вас варыянт працаўладкавання, які заснаваны на вашым працоўным досведзе і адукацыі”.
Трэба сказаць, што ставяцца да мяне ў аддзеле па працаўладкаванні, як да караля. Ці нават па-мацярынску. Каля гадзіны супрацоўніца тлумачыць мне нюансы, афармляе дакументы і вышуквае для мяне годную вакансію.
“Паралельна, калі наймальнік, напрыклад, адмовіць вам у прыёме на працу альбо вакансій не будзе, мы можам разглядаць з вамі варыянты, дзе не патрэбна спецыяльная падрыхтоўка. Гэта, напрыклад, кандуктар, падсобны рабочы на будоўлі, яшчэ нешта, — даводзіць мне дадатковыя магчымасці супрацоўніца аддзела па працаўладкаванні.
У выніку мне даюць два накіраванні: у “Нацыянальную Белтэлерадыёкампанію” і ў адміністрацыю аднаго са сталічных раёнаў, дзе якраз шукаюць новага начальніка аддзела па працы з моладдзю.
Таксама мне даюць тэлефоны наконт вакансіі работніка ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. То бок знайсці працу аказалася нескладана. Але заробак разам з прэміямі вагаецца ад 1 мільёна з лішкам да 2,5 мільёнаў беларускіх рублёў. То бок заплаціць могуць максімум $300 у месяц. І гэта пры такіх пасадах!
Наведаўшы аддзел працаўладкавання, я ўпэўніваюся, што знайсці месца хаця б на два мільёны ў сталіцы цалкам магчыма. Не спрацуецца з мясцовымі спецыялістамі толькі гультай.
Напрыклад, майму знаёмаму і былому наркаспажыўцу Анатолю Б. я раю выправіцца ў тэрытарыяльны аддзел па працаўладкаванні і ўрэшце знайсці хоць што-небудзь. Не сядзець на шыі ў жонкі.
“Складана мне вось такім чынам знайсці працу. Туды ехаць… Я нават паразмаўляў з жонкай. Гэта марнаваць час — ездзіць вось так”, — няўцямна адказвае мне на тэлефанаванне Анатоль Б. праз месяц пасля маёй прапановы.
Таму хто шукае, той знойдзе. А хто не хоча — той і будзе смактаць палец.
Еўрарадыё спытала мінакоў, як доўга яны шукалі працу і як знайшлі? Адказы слухайце ў апытанцы:
P.S. Калі ж вам хочацца зарабляць ад пяці да дзесяці мільёнаў беларускіх рублёў, то ў маім аддзеле па працаўладкаванні навучылі, як гарантавана такую вакансію знайсці.
А пакуль яшчэ на цёпленькае месца мяне не аформілі, я вырашыў падзарабіць на аплочваемых грамадскіх працах — у заапарку, батанічным садзе ці ў дзіцячым парку…
Працяг будзе…