Вайцюшкевіч сыграе апошні падпольны канцэрт, прыкрыўшыся таршэрам

Зміцер Вайцюшкевіч ладзіць падпольны выступ, прысвечаны Дню ўсіх закаханых. Прычым, кажа музыка, такія канцэрты ва Управе БНФ ён збіраецца граць да таго часу, пакуль не пачнецца чаканая музыкамі і прыхільнікамі беларускай музыкі “адліга”.


Зміцер Вайцюшкевіч: “Канцэрт мае назву “Апошні падпольны канцэрт” ці “Традыцыйны падпольны канцэрт” — чакаю, калі нас дазволяць. І такія канцэрты я буду рабіць штомесяц. Яны будуць прысвечаныя той ці іншай даце ці тэме”.


Канцэрт 13 лютага, дзе Вайцюшкевіч будзе спяваць песні выключна пра каханне, да таго ж, мае яшчэ адну, сімвалічную назву “Пад таршэрам”. Музыка жартуе, што “таршэр” надасць сур’ёзнай атмасферы ўправы налёт утульнасці, цеплыні і рамантыкі. Выступ Змітра Вайцюшкевіча распачнецца а 19 гадзіне. Уваход вольны.