У Вільні праходзіць сустрэча лідараў беларускай апазіцыі

"Спіс палітневыязных — гэта антыканстытуцыйнае, палітычнае рашэнне беларускіх уладаў. І ў людзей, уключаных у яго, ёсць права яго ігнараваць", — цытуе словы старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі "Салідарнасць".

Як паведамляе сайт АГП, у Літву беларускія памежнікі прапусцілі лідараў Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і Рыгора Кастусёва, а таксама прадстаўнікоў руху "За Свабоду" Юрыя Губарэвіча і Аляксея Кавальца. У сустрэчы ўдзельнічаюць прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні партыі БХД і кампаніі "Гавары праўду". На ёй абмяркоўваецца пытанне аб арганізацыі назірання на выбарах у Палату прадстаўнікоў.

Нагадаем, яшчэ 29 лютага партал TUT.BY са спасылкай на крыніцу, блізкую да кіраўніцтва краіны, паведаміў, што створаны спіс невыязных, у якім значыцца 108 прозвішчаў — людзей, якія заклікалі да ўвядзення санкцый. У іх ліку, нібыта, былы старшыня Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна. Ужо праз некалькі дзён Генпракуратура папярэдзіла, што за заклік да санкцый не выпусцяць за мяжу, а могуць і завесці крымінальную справу. Аднак афіцыйна ніхто не пацвердзіў, што адмысловы спіс існуе.

Фота — bymedia.net