У мінскія абменнікі прыязджаюць іншагароднія і займаюць чаргу ў 6 раніцы
Каб купіць валюту і заплаціць за кватэру ці паехаць за мяжу, людзі адпрошваюцца з працы.
Еўрарадыё вырашыла прагуляцца па мінскіх абменніках і даведацца, чаму людзі стаяць у чарзе па валюту і наколькі складана сёння яе набыць.
У абменніку ГУМа валюту чакалі каля шасці чалавек. Апошні ў чарзе хлопец адпрасіўся з працы, каб набыць трыста долараў.
“Я плачу за кватэру доларамі, таму гаспадыня ці то загінае вар’яцкі курс, ці то кажа "нясі долары". Таму ў мяне варыянтаў няма. Чарга такая, што можна набыць толькі дзвесце долараў на чалавека. Калі трэба яшчэ, то зноўку становішся ў чаргу. Мне трэба трыста”, — скардзіцца маладзён.
Перад ім — муж з жонкай сярэдняга веку. Чакаюць еўра, каб паехаць за мяжу. У чарзе стаяць ужо дзве гадзіны.
“Нам неабходна ехаць за мяжу”, — кажа мужчына. Яго спадарожніца дадае: “У нас дакументы ўжо ў амбасадзе, нам неабходна”. Каб пайсці ў абменнік, жанчыне нават давялося напісаць на працы заяву на адгул.
На вакзале колькасць ахвочых набыць валюту сапраўды ўражвае. Людзі стаяць ад шостай раніцы. У чарзе ад 10 да 20 чалавек. Жанчына сталага ўзросту займае ў чарзе апошняе месца: ёй трэба вярнуць пазыку ў дзвесце долараў. У Мінск яна прыехала з іншага горада.
“Мы з дзевятай ранку стаім. Не можам набыць дзвесце долараў, каб пазыку вярнуць. Я прыехала сюды адмыслова, каб вярнуць пазыку. Цягнік ужо праз 20 хвілін з’язджае. Пэўна, так і не набуду долары”.
На апошнім паверсе вакзала чарга не менш, чым на першым. Мінакі чакаюць, калі нехта будзе мяняць валюту. Першы ў абменніку мужчына сярэдніх гадоў збірае на машыну. Маўляў, у беларускіх рублях не прадаюць, таму стаяць будзе столькі, колькі трэба. Каля абменніка ён ад шостай раніцы. За ім жанчына сярэдняга ўзросту, якая збіраецца ў санаторый, але не можа набыць пуцёўку за рублі.
“Выкупілі пуцёўкі за паўгода. Цяпер нам іх не прадаюць за беларускія рублі. Я сабралася ў санаторый, у Сакі ва Украіну”.
Побач з ёй прадпрымальніца. Яна стаіць у чарзе ўжо тры гадзіны, але набыла толькі дзесяць долараў.
“Вось я набыла 10 долараў і 1500 расійскіх рублёў з дзевятай гадзіны. Я прадпрымальнік. Гандлюю на рынку. Арэнду і пазыкі плачу. Мне трэба валюту. За валюту набываю ў Расіі тавар, за расійскія рублі. Стаю тры гадзіны, а набыла толькі паўтары тысячы расійскіх рублёў. Як працаваць!?”
Цяпер эканоміка адкацілася на 20 год таму, мяркуе жанчына.
“Ішлі мы, ішлі. Развівалася эканоміка. А цяпер высвятляецца, што мы вярнуліся ў дзевяностыя гады. Гэта жах!”
Апошняй у чарзе стаіць жанчына пенсійнага веку. Хоча трапіць да дачкі, якая жыве за мяжой. Але не можа, бо складана набыць валюту.
“Я нядаўна стаю. Таксама хацела б набыць валюту — еўра. Збіраюся да дачкі ў Галандыю. Такая праблема не толькі тут, у Мінску. Я з раённага горада, там таксама такая праблема. Неверагодна, не бачна ніякага станоўчага канца гэтаму”.
У адным з абменнікаў на вакзале з карэспандэнтам Еўрарадыё наогул гаварыць адмовіліся. Маўляў, маўчанне — золата, а то і гэтых абменнікаў з чэргамі не будзе, патлумачылі мінакі.
Фота: yarusich.ru