Штрафы, зафіксаваныя фотарадарамі: нават калі пагасіў, выклікаюць у суд

Аўтааматар Дар’я Каткоўская пад канец лета залішне разагналася на шашы E30. Двойчы за адну паездку яна перавысіла хуткасць больш як на 10 км/г.

Дар’я Каткоўская: “25 жніўня я парушала, 30-га — выносіцца пастанова аб штрафах. Своечасова я аплачваю абодва штрафы. І забываюся пра гэта. Дзякуй Богу, што захавала ўсе квітанцыі аб аплатах”.

У снежні Дар’я спалохалася, атрымаўшы позву ў суд Фрунзенскага раёна сталіцы. Аказалася — цікавіліся нібыта неаплачанымі штрафамі.

Дар’я Каткоўская: “На месцы аказваецца, што судовым выканаўцам распачатыя дзве вытворчасці. У судзе я пытаюся: “Як гэта так? Я ж усё аплаціла своечасова”. Судовы выканаўца патлумачыў, што пастановы вынеслі ў ДАІ, а аплата праводзілася на рахункі Міністэрства фінансаў, то бок у бюджэт. Належнай сувязі па пытаннях аплаты штрафаў паміж ведамствамі няма. Каб праверыць, ці аплачаны штраф, яны адпраўляюць інфармацыю ў суды па месцы рэгістрацыі парушальніка. І ты павінен прыйсці і давесці, што заплаціў. Выходзіць, што з-за гэтых дробязяў чалавеку, напрыклад, могуць забараніць выязджаць за мяжу…”

Дар’я паказала судоваму выканаўцу плацёжкі, і да яе пытанні зніклі. Кіроўца атрымала паперу, што дзве выканаўчыя вытворчасці ў дачыненні да яе закрытыя ў сувязі з пагашэннем доўга, якога не было.

Выслухаўшы гэтую гісторыю, звязваемся з Цэнтрам фіксацыі правапарушэнняў (месціцца па вуліцы Чырвонаармейскай у Мінску). Цікавімся, што рабіць, калі мы аплацілі штраф, а з суда прыйшла позва, маўляў, грошы не дайшлі.

Цэнтр фіксацыі правапарушэнняў: “Вас у суд выклікалі? Калі засталася плацёжка, падыдзіце з ёй у суд, і яны зробяць адзнаку, што ў вас усё праплачана. Праблема ў тым, што вашу аплату павінны былі правесці праз сістэму AРІП (Адзіная разліковая інфармацыйная прастора. — заўв. Еўрарадыё). У такім разе робіцца аўтаматычная адзнака, што штраф аплачаны. Калі грошы проста кладуцца на рахунак, у абыход сістэмы АРІП, то праходзіць так, што штраф — неаплачаны”.

Еўрарадыё: Што рабіць, калі тыя плацёжкі мы не захавалі?

Цэнтр фіксацыі правапарушэнняў: “Судовы выканаўца пасылае адпаведны запыт і атрымлівае адказ, што аплата рабілася”.

Еўрарадыё: А хто вінаваты ў такой сітуацыі? З-за каго здараюцца збоі?

Цэнтр фіксацыі правапарушэнняў: “Гэта аператары робяць памылкі. Напрыклад, пошта ўвогуле не працуе з сістэм

ай АРІП, таму з нядаўняга часу магчымасць аплачваць праз пошту знікла. А ў банку аплату могуць праводзіць праз сістэму АРІП, а могуць проста на разліковы рахунак грошы закідваць”.

Такім чынам, аплачваючы штрафы за парушэнні, зафіксаваныя фотарадарамі, папярэджвайце аператара, каб правёў аплату праз адпаведную сістэму. Іначай давядзецца добра выматаць нервы і страціць час.

Фота abw.by