“Сакрэты” ад аўтазаправак: як завесціся на нашым дызелі ў любы мароз?

Як толькі тэмпература паветра апусцілася да -15, многія аўтааматары сталі колам. Асабліва дызелісты.

Праблема ― вядомая. Па дакументах звычайная зімовая салярка павінна вытрымліваць тэмпературу ў -20 градусаў. На справе і пры цяплейшай тэмпературы дызпаліва пачынае “мутнець”, парафін, які ўваходзіць у яго склад, крышталізуецца і забівае паліўны фільтр. Такім чынам, салярка не паступае ў цыліндры рухавіка і машына глохне.  

Аўтамеханік з Мінска Сяргей Калевіч, які спецыялізуецца на французскіх аўто, адзначае: як толькі прыходзяць маразы ― да яго выстройваецца чарга. У мінулым годзе, калі было да -20, прыязджалі і тыя, хто заліваў салярку маркі “Арктыка”. Тады спадар Сяргей пакінуў паўлітра “Арктыкі” начаваць на двары.

Сяргей Калевіч: “Прыкладна пры -20  “Арктыка” ўжо замярзае. Дакладней, не замярзае, як лёд, а парафініцца камякамі”.

Глохнуць не толькі старыя машыны, але і “свежыя”: паліўныя сістэмы ў навейшых машынах вельмі адчувальныя да не самай якаснай саляркі. Калі да гэтай праблемы дадаецца мароз ― машыны часта спыняюцца. 

Сяргей Калевіч: “Памылкі ўсе выскокваюць з-за паліва. Як толькі зацягнулі ў нейкае цёплае месца, машына завялася і паехала. У мяне ў чарзе цяпер стаіць “Пежо 307”. Заводзіцца без пытанняў, як толькі пачынае ехаць ― замярзае. Яшчэ адна машына таксама заводзіцца і замярзае. А паліва льюць на запраўках. У выніку правяраю ― а паліўныя фільтры забітыя парафінам”.

Цікава, як запраўляюцца самі аператары беларускіх заправачных станцый. Тэлефануем на АЗС па ўсёй краіне, скардзімся на дрэнную якасць саляркі і просім парадаў.

“У мяне ў самога дызельная машына, я сам у сябе ж на станцыі запраўляюся. Пакуль праблем не было, ― раіць аператар адной са сталічных станцый А100. ― Адзінае, што прагравацца даводзіцца не радзей, чым раз на 12 гадзін, каб можна было потым завесці машыну. У кожным выпадку, “Арктыку” вы льяцё ці не “Арктыку”, купіце сабе прысадку для вашай паліўнай сістэмы. Яна ідзе як антыгель, які не дае паліву пераўтварацца ў жэле і змазвае паліўную помпу. На 250 літраў прысадка каштуе каля 8-9 долараў”.

Пры моцных-моцных маразах дызпаліва ўсё роўна не калее да стану ледзяша, а пераўтвараецца ў жэлепадобна-гелепадобную масу. Адсюль і назва ― “антыгель” (сродак не дае паліву трансфармавацца ў такі стан).

“Не адзін вы па гэтых пытаннях звяртаецеся. У вас дызельная машына ўпершыню? Трэба антыгель дадаваць ці яшчэ нешта”, ― ветліва адчытвае аператар АЗС “Лукойл” з Баранавічаў.

Дарэчы, ключыкі да бесклапотнай зімовай язды прыхаваны проста ў крамах пры АЗС. Напрыклад, на лукойлаўскай запраўцы ў Брэсце нам прапанавалі наступныя сродкі: 

“У нас літровая бутэлька газы каштуе 32 тысячы рублёў. Нехта дадае бензін, нехта дадае газу, нехта купляе прысадкі. Мы не прадаём “Арктыку”, а “Белнафтахім” яе прадае. У мяне муж у калегі заправіў “Арктыку” і таксама замёрз у дарозе. Зіма ― як латарэя”.

“У мяне ў самой дызельная машына ― і ездзіць, ― усцешыла нас аператар адной з АЗС “Белнафтахіму” ў Дзяржынскім раёне. ― Але трошкі мяшаем з бензінам усё роўна. Літры два на дваццаць літраў саляркі. Учора мяне падвозілі на дызельнай “Ксантыі”. Цікаўлюся: “Глохне ці не глохне?” Сказалі, што льюць “Арктыку”, і пакуль праблем не было”.

Зімовае дызпаліва той жа маркі "Арктыка" павінна вытрымліваць тэмпературу да 32 градусаў марозу. Але падобна на тое, што аператары АЗС у такую інфармацыю не вераць.