Праз валютны дэфіцыт турагенцтвы губляюць ад 20% да 70% кліентаў
Многія фірмы пачалі прадаваць замежныя туры за рублі, па курсе 3500-4000 за долар.
Валютны дэфіцыт, які па-ранейшаму адчуваецца ў Беларусі, закрануў і турыстычныя фірмы. Людзі не могуць набыць замежныя грошы, каб ехаць у адпачынак за кардон, таму турагенцтвы цяпер маюць заўважна менш кліентаў, чым летась.
Еўрарадыё вырашыла распытаць, колькі падарожнікаў згубілі беларускія турфірмы ў параўнанні з мінулым годам.
“У параўнанні з красавіком мінулага году на 20% [колькасць кліентаў. — Заўв. Еўрарадыё] зменшылася”, — паведамілі Еўрарадыё у адной з турфірмаў.
Аднак гэтая лічба аказалася далёка не самай вялікай.
“Вы ведаеце, на 70% дакладна менш [жадаючых ехаць у тур за мяжу. — Заўв. Еўрарадыё]”, — паскардзіліся ў іншым агенцтве.
Між іншым, шмат якія турфірмы не пакідаюць кліентам выбару. Маўляў, без валюты нічым дапамагчы не можам.
Супрацоўніца турфірмы: “Банк, з якім мы працуем, цяпер не прымае беларускія грошы”.
Аднак у некаторых турагенцтвах усё ж можна разлічыцца беларускімі рублямі. Праўда, курс будзе прадказальна адрознівацца ад афіцыйнага. У сярэднім долар там роўны 3500 рублям. Але ў некаторых месцах можа быць і вышэй — 4000 рублёў за долар. Еўра ж адпавядае 5600 рублям, распавялі Еўрарадыё ў адной з турфірмаў.
Супрацоўніца турагенцтва: “Сёлета ўсё актыўна пачыналася: людзі рана актывізаваліся. Але менавіта праз курс зменшылася колькасць кліентаў. Аднак калі надалей усё ўладкуецца, колькасць турыстаў не мусіць зменшыцца”.
І цяпер людзі працягваюць браніраваць пуцёўкі. Але стоадсоткавай гарантыі ў турфірмах не даюць: праз ваганні на валютным рынку тур можа “зляцець”:
“Мы не пацвярджаем пакуль заяўкі, але мы іх прымаем. Не гарантуем 100%. У выпадку, калі сітуацыя з валютай праясніцца, а мы спадзяемся, што гэта адбудзецца ў красавіку, тады мы будзем гэтыя пуцёўкі афармляць на 100%”, — тлумачаць у адным з агенцтваў.
У Дэпартаменце па турызме пры Мінспорту праблемаў з выязным турызмам не чакаюць. Але з пэўнымі цяжкасцямі турыст усё ж можа сутыкнуцца, кажа дырэктар дэпартамента Вадзім Кармазін:
Вадзім Кармазін: “У тураператараў, вядома, ёсць трывога з-за цяжкасцяў з набыццём валюты. Можа, і будзе менш [турыстаў — Заўв. Еўрарадыё], але многія турфірмы знаходзяць выйсце, падвышаючы курс долара. Пэўна, нейкія ваганні будуць, людзей будзе палохаць такі курс”.
Праўда, у турыстаў узнікнуць цяжкасці і калі яны праз праблемы з валютай вырашаць паехаць на адпачынак у беларускія санаторыі. Працягвае Вадзім Кармазін:
Вадзім Кармазін: “Што тычыцца беларускіх санаторыяў, я не буду падманваць: пуцёўкі ўжо на 90% прададзеныя. Бо яны закупляюцца расійскімі тураператарамі ці беларускімі тураператарамі. Калі чалавек у траўні захоча набыць пуцёўку на чэрвень, то ён сутыкнецца з праблемамі”.
У гэтай сітуацыі дырэктар Дэпартамента па турызме раіць ехаць адпачываць у Крым, бо праблем з грыўнямі значна менш, чым з іншай валютай.
Фота: klbviktoria.com