Першы мінскі сіці-тур: аўтобус 80-х гадоў, з аўдыёгідам і дзіцячымі песнямі

У мінскі турыстычны бізнес увялі інавацыю: па горадзе запусцілі двухпавярховы аўтобус для сіці-тураў. Едзе машына па добра знаёмых для мінчукоў маршрутах: ад чыгуначнага вакзала праз плошчу Незалежнасці да Нацыянальнай бібліятэкі, закранае вуліцу Каліноўскага, рухаецца праз Камароўку да праспекта Пераможцаў. Тур займае дзве гадзіны.

У “чырвоным аўтобусе” вяшчае не жывы гід, а ўсталяваная аўдыёсістэма. Навушнікі можна пераключаць на беларускую, рускую, англійскую, іспанскую і іншыя мовы. Калі замежны турыст адчуў сігналы, што трэба наведацца ў туалет, лепш зрабіць гэта да сіці-туру: цягам дзвюх гадзін ля грамадскіх прыбіральняў аўтобус не спыняецца.

Ці ёсць у нас у беларускім маршруце нейкая фішка? Каб такой не было ні ў Барселоне, ні ў Лондане, ні ў Франкфурце, ― цікавімся ў Алены Пліс, дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск” (сталічныя ўлады арганізоўвалі маршрут разам з агенцтвам “Дром-Тур”).

“Ёсць, ― цвёрда адказвае спадарыня Алена. ― Прапаноўваецца маленькім наведвальнікам, калі яны стомяцца ад тэкстоўкі, пераключыцца на восьмы канал і паслухаць дзіцячыя песні”.

Еўрарадыё: Ці будзе ўнутры прадавацца ежа?

Алена Пліс: “Пакуль — не. Думаю, што мы будзем прыслухоўвацца да меркаванняў, парадаў і мадэрнізаваць гэты маршрут”.

У аўтобусе пафасна распісваюцца вядомыя мінскія будынкі і помнікі: ад бюста Дзяржынскаму да Максіма Багдановіча і “Мінск-арэны” ― “памятнай мясціны ўсёй Еўропы”, як апавядае аўдыёгід. Не забыліся ў маршруце ўзгадаць нават Інстытут сучасных ведаў, “супертэхналагічны будынак” “Аляксандраў-Пасаж” і “Футбольны манеж”, які “унікальны, крыты, са штучным газонам”.

Турыстам расхвальваюць “змагара рэвалюцыі” Фелікса Дзяржынскага і “Палац спорту”, на манер якога “будавалі копіі ў многіх гарадах”.

Зрэшты, аўдыёмаршрут будзе ўдасканальвацца і “ажыўляцца”.

Адразу заўважаем, што сядзець у інавацыйным аўтобусе ― вузкавата, няма кандыцыянераў, печкі. Адчуваеш сябе ― як у рарытэце. Аказалася, што канкрэтна гэты MAN колькі гадоў таму служыў у Мазыры, быў перароблены ў кавярню і дажываў такім чынам свой век.

“Частка першага паверху ― гэта была кухня. На другім паверсе стаялі пластыкавыя крэслы, столікі, шторкі былі нацягнутыя”, ― апісвае намеснік дырэктара фірмы “Дром-Тур” Дзмітрый Вашкевіч.

Еўрарадыё: Ці шмат вы ў выніку змянілі?

Дзмітрый Вашкевіч: “Мы куплялі рухавік, з капітальны рамонтам. Па сутнасці, атрымаўся новы аўтобус. Не мянялі толькі дыскі. Яны старыя, такія складана знайсці”.

Еўрарадыё: Аўтобус ― 80-х гадоў, вельмі стары. Гэта элемент эпатажу?

Дзмітрый Вашкевіч: “Гэтыя аўтобусы, менавіта такія, выпускаліся да 1985-га году. Сёння яны як аўтобусы для сіці-тураў выкарыстоўваюцца ў Германіі, нябеднай краіне, Фінляндыі, зусім не беднай краіне. У Таліне, Рызе, Лісабоне, Варшаве, Мюнхене, Берліне і гэтак далей. Менавіта такія аўтобусы”.

У будучым мінскі сіці-тур узброіцца яшчэ адным двухпавярховым аўтобусам. Паглядзець Мінск у чырвоным турыстычным аўтобусе можна з 11-ці гадзін кожнага дня. Інтэрвал паміж рэйсамі — 2,5 гадзіны. Кошт для дарослага ― 90 тысяч рублёў, для дзяцей ад сямі гадоў ― 50 тысяч.

БОЛЬШ ФОТА