Нарвежскія Хрысціянскія дэмакраты: трэба ўзмацніць ціск на Лукашэнку

Прыпыненне рэгістрацыі Партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя — дакладная прыкмета таго, што Лукашэнка баіцца палітычнай апазіцыі, асабліва апазіцыі, якая прадэманстравала здольнасць мабілізаваць людзей. Пра гэта заявіў Дагфін Хойбратэн, дэпутат Парламенту і былы лідар Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі.

“Хрысціянскіх дэмакратаў падтрымліваюць актыўныя вернікі ў краіне, відаць, гэта  ўспрымаецца як небяспека”, — сказаў Хойбратэн.

Ён лічыць, што цяпер “усе сілы добрай волі” павінны падштурхнуць Беларусь да павагі асноўных правоў чалавека.

Нядаўна спадар Хойбратэн пісьмова задаў пытанне міністру замежных спраў Ёнасу Гар Сцёрэ: як урад праяўляе ініцыятыву, каб беларускія ўлады спынілі пагрозы сваім палітычным апанентам? У адказе міністр замежных спраў засведчыў, што Нарвегія далучылася да рашэння ЕС увесці больш строгія санкцыі супраць Беларусі. Міністр замежных спраў адзначыў, што Нарвегія па-ранейшаму займае цвёрдую пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі на міжнародных форумах, такіх як Савет Еўропы і АБСЕ, а таксама ў непасрэдных стасунках Беларуссю.