На “Белкаліі” атрымліваюць 7 мільёнаў, а ў казіно абяцаюць 20
А ў паліклініку гатовыя браць на працу нават пенсіянера-інваліда. Еўрарадыё даведалася, якія вакансіі прапануюць у службе занятасці.
Кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова абяцае да канца года заробак у 500 долараў. Еўрарадыё вырашыла праверыць, колькі цяпер зарабляюць беларусы і якія спецыялісты найбольш запатрабаваныя.
“Па Мінску на 1 студзеня ў нас каля 18 тысяч вакансій. Каля 80% – рабочыя прафесіі. Найбольш запатрабаваныя будаўнікі, другое – транспарт. Сёння патрэбныя кіроўцы. Станочнікі патрэбныя. Заробкі кіроўцаў ад 2,5 мільёнаў, станочнікаў – каля 4 мільёнаў”, – расказвае Еўрарадыё начальніца Цэнтра занятасці Кастрычніцкага раёна Мінска Святлана Ярошына і дадае, што самыя вялікія заробкі ў дырэктараў і кіраўнікоў на прадпрыемствах.
Святлана Ярошына: “Ёсць шэраг буйных фірм, дзе вялікі заробак. На мінскім філіяле “Беларускай калійнай кампаніі” ёсць вакансія першага намесніка кіраўніка. Заробак каля 7 мільёнаў”.
Але такіх вакансій няшмат, заўважае Ярошына.
Некалькі чалавек у Цэнтры занятасці шукаюць працу, гартаюць вакансіі на камп’ютарах.
“Хачу падпрацаваць, цяпер я на пенсіі. Да пенсіі я швачкай працавала. 40 гадоў прапрацавала і зарабіла на пенсію ў 700 тысяч. Цяпер бы пайшла на заробак у 2 мільёны”, – кажа Галіна Іванаўна.
Яе сяброўка шукае працу бухгалтара. Таксама на пенсіі, ужо 2 гады не працуе.
Найбольш прэстыжныя вакансіі цяпер: айцішнікі і праграмісты, упэўніваюць у кадравым агенцтве “Квадрат”.
Супрацоўніца агенцтва: “Найбольш запатрабаваныя вакансіі айцішнікаў, распрацоўшчыкаў, праграмістаў. Для іх добрыя ўмовы працы, заробкі па 3 тысячы долараў і вышэй. Другое месца – менеджары па продажы”.
Спрабуем знайсці працу на сайце Мінгарвыканкама, шукаем вакансіі. У паліклініку патрабуюць лекара-эндакрынолага. Гатовыя браць нават пенсіянера ці інваліда.
“Заробак будзе ў межах 3 мільёнаў. Можна і пенсіянерам, і інвалідам, бо па візітах хадзіць не трэба”, – кажа супрацоўніца 35-й сталічнай паліклінікі.
Інкасатару Нацбанка заплацяць менш – 2 мільёны, кажуць у галоўным банку краіны. Да абяцаных Ермаковай 500 долараў пакуль не дацягваюць…
Большасць вакансій на сайце Гарвыканкама будаўнікі і кіроўцы. Заробкі ад 3 да 4 мільёнаў. А самы вялікі заробак з прапанаваных вакансій – у намесніка дырэктара казіно “Прынцэс” – 20 мільёнаў. Патрабаванне – досвед працы 7 гадоў у гульнявым бізнэсе і вышэйшая адукацыя.
Школьны настаўнік мовы і літаратуры атрымае ў дзясятак разоў менш.
“Заробак у вас выйдзе 1,8 недзе. Да канца года нам абяцаюць 500 долараў. Усім сказалі, але ж мы бухгалтары…”, – малююць перспектывы ў сталічнай школе № 135.
Белстат перадае, што сярэдні заробак у Мінску ўжо больш за 3 мільёны. А ў службу занятасці па працу летась звярнуліся больш за 300 тысяч чалавек.
Фота: bymedia.net