Лябедзька сказаў, каго з апазіцыі пусцяць у Палату прадстаўнікоў
Кіраўнік АГП кажа, што ў парламенце могуць стварыць фракцыю з апазіцыянераў, якімі кіруе КДБ.
Лябедзька: "Гэта абсалютна відавочна і ляжыць на паверхні. Ёсць заява Аляксандра Рыгоравіча, што 5-7 апазіцыянераў могуць прайсці і стаць дэпутатамі. Гэта першае. Другое: сакрэт Палішынэля, што ў нас КДБ арганізуе і праводзіць выбарчыя кампаніі. Была заява Сухарэнка (ранейшы кіраўнік КДБ Беларусі. — Еўрарадыё.) у свой час, што гэта яны арганізавалі выбарчую кампанію ў Беларусі".
Па словах Анатоля Лябедзькі, улады могуць прапусціць у Палату прадстаўнікоў некалькі апазіцыянераў. Але толькі ў тым разе, калі гэта будуць людзі, падуладныя КДБ. Назваць канкрэтныя імёны лідар АГП адмовіўся і заявіў, што пра персаналіі не думае.
Разам з тым ён нагадаў, як цягам апошняга года шэраг апазіцыянераў прызналіся, што пад ціскам падпісалі дамовы аб супрацы з КДБ.