Карняенка праверыць, ці сапраўды яго выкраслілі са спісу невыязных
Віктара Карняенку і Валерыя Ухналёва выкраслілі з базы асобаў, якім забаронены выезд з Беларусі.
18 ліпеня суд Цэнтральнага раёна мусіў разгледзець пазоў каардынатара грамадзянскай кампаніі" За справядлівыя выбары" Карняенкі і намесніка старшыні Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Ухналёва наконт уключэння іх у спіс невыязных. Аднак прадстаўнікі МУС у судзе заявілі, што ў базе проста адыбўся "тэхнічны збой", які цяпер выпраўлены. Ухналёву і Карняенку выдалі даведкі, што яны выключаныя са спісу невыязных. На падставе гэтага суддзя адмовіў у разглядзе пазову, бо за "тэхнічны збой" да адказнасці прыцягнуць немагчыма.
У каментары Еўрарадыё Карняенка заявіў, што з рашэннем суда не згодны і збіраецца абскарджваць.
Карняенка: "Па-першае, я не згодзен з рашэненм суда, што тут няма вінаватых. Вінаватая арганізацыя, якая стварае праблемы грамадзянам — накат калі гэта тэхнічны збой. Гэта справа публічная, цягнецца больш за 3-4 месяцы. І калі б гэта быў збой, яго трэба хуценька выправіць, паглядзець. А яны абвінавачваюць нас у тым, што мы не бегаем кожны дзень у Міністэрства юстыцыі і не выконваем іх працу! З такім рашэннем суда мы не згодныя і будзем абскарджваць".
Карняенка збіраецца бліжэйшымі днямі праверыць, ці сапраўды яго выкраслілі са спісу невыязных.
Карняенка: "А вось, можа, і на гэтым тыдні — для спробы, каб не было ніякіх нечаканасцяў пад адказныя мерапрыемствы. Таму ці на гэтым, ці ў пачатку наступнага тыдня паспрабую".
11 сакавіка Віктару Карняенку не дазволілі выехаць у Вільню, але не паставілі ніякага адмоўнага штампу ў пашпарт. 12 ліпеня яго не выпусцілі ў Вену для ўдзелу ў нарадзе АБСЕ і паставілі забаронны штамп у пашпарт. Нядопуск афіцыйна запрошанага Карняенкі выклікаў скандал на канферэнцыі АБСЕ.
Ухналёва не выпусцілі ў Літву 21 сакавіка.