Кальцый у малацэ ў 20 разоў даражэй, чым у аптэцы

"Падчас тэхнічнага працэсу дадаецца лактат кальцыя — і колькасць кальцыя ў малацэ павялічваецца. Лічыцца, што беларусы пакутуюць ад недахопу кальцыя ў арганізме. Гэта адзін з такіх накірункаў прафілактыкі", — тлумачаць Еўрарадыё на айчынным малаказаводзе.


У літровы пакет малака тлустасцю 3,2% дадалі кальцыя — і каштуе цяпер яно 4650 замест 2180. Кальцыя ў такім малацэ 150 міліграм на 100 грам. Колькі ж гэтага хімічнага элемента ў звычайным малацэ? На ўпакоўцы нічога не напісана, таму звяртаемся да тэхнолагаў малаказавода.


"У малацэ тлустасцю 3% колькасць кальцыя будзе дасягаць 100 міліграм".



Атрымоўваецца, што ва ўзбагачаным малацэ кальцыя больш аж на 50 міліграм дадаткова ў кожным літровым пакеце! А колькі ж кальцый каштуе ў аптэцы?


"Кальцыя глюканат — гэта проста іншая соль, але той жа кальцый. Адна пласціначка 10 таблетак — 1250 рублёў".


Адна таблетка — 0,5 грама, акурат столькі трэба дадаць у звычайнае малако, каб атрымаць узбагачанае — 125 рублёў. А ў малацэ яна ўжо будзе каштаваць 2470.


У літры звычайнага малака ўтрымліваецца 1 грам кальцыя, ва ўзбагачаным — 1,5 грама. А колькі ж патрэбна чалавеку гэтага макраэлемента? "Доза — 1 грам на дзень", — кажуць фармацэўты. Больш чалавеку не патрэбна, проста не будзе засвойвацца.


"Любы кальцый засвойваецца пад дзеяннем вітаміна D3. Ён можа паступаць разам з сонечным святлом, але гэтай дозы мала, таму п'юць яшчэ вітамін D".


Таму, каб засвойваўся кальцый з малака, яго трэба піць разам з алеем, сырам, рыбіным тлушчам ці ікрой — менавіта там вітаміна D больш за ўсё. А норма кальцыя і так утрымліваецца ў пакеце звычайнага малака.


На малаказаводзе ў выніку прызналіся, што выдумляць новыя віды малака вымушаныя. Бо на звычайнае малако цэны рэгулюе дзяржава.


"Проста зараз звычайнае малако — гэта сацыяльна значны прадукт. На яго ёсць устаноўленыя кошты, якія рэгламентуе дзяржава, і больш прадпрыемства даць не можа. Яно не рэнтабельнае, таму мы льем яго сабе ў страту, каб закрыць сацыяльную групу. А астатняе ўжо даражэй, бо нам трэба людзям заробак плаціць", — скардзяцца на малаказаводзе. Прасцей ў гэтай сітуацыі тым, хто робіць сыры і сухое малако, яны на гэтым адбіваюць страты з-за "сацыяльнага" малака.


"Зараз нашы нічога не робяць і не прывозяць. Бывае нейкае звычайнае малако за 4860, але ў яго там таксама нешта дадаюць", — распавядаюць Еўрарадыё ў адной мінскай краме.


Еўрарадыё адшукала пакет такога за 2180 — звычайнае малако 3,2% тлустасці. Аднак знайсці яго ў мінскіх крамах амаль не магчыма. Усё завалена тэтрапакамі ці малаком у пакетах, але ўзбагачаным ёдаваным бялком ці кальцыем.