Гродзенскі стадыён ледзь не атрымаў 4-ю катэгорыю УЕФА
Па словах дырэктара “Нёмана”, здабыць высокую ацэнку футбольных экспертаў маглі ўжо перад матчам БАТЭ — “Фенербахчэ”. Але падвялі турнікеты.
Гульня плэй-оф Лігі Еўропы БАТЭ — “Фенербахчэ” пройдзе на гродзенскім стадыёне “Нёман”. Неабазнаныя аматары футбола лічаць, што гэта арэна саступае таму ж стадыёну “Дынама”. Але аказалася, што зусім нядаўна эксперты УЕФА маглі паставіць “Нёман” у адзін шэраг з нідэрландскай “Амстэрдам-Арэнай”, іспанскім “Вісэнтэ Кальдэронам”, турэцкім “Алімпійскім стадыёнам Атацюрка”.
Так выглядае "Амстэрдам Арэна". Фота squashpics.com
“Перад матчам БАТЭ — “Фенербахчэ” да нас прыязджалі прадстаўнікі УЕФА, зрабілі заўвагі кшталту “трэба адгарадзіць мікст-зоны”, ― распавядае Франц Ляцяга, дырэктар гродзенскага стадыёна “Нёман”. ― Мы ім распранальні паказалі для гульцоў, для суддзяў ― для ўсіх. Усё адпавядала: і віп-зала, і відэаназіранне. Усё іх задаволіла. Яны б нам прысвоілі чацвёртую катэгорыю УЕФА (у нас зараз трэцяя), калі б мы ўсталявалі на ўваходнай групе турнікеты і пры гэтым па тэхнічных умовах была б плюсавая тэмпература. Калі б мы гэта зрабілі, у нас бы ўжо перад матчам з “Фенербахчэ” была б высокая чацвёртая катэгорыя”.
Еўрарадыё: Нічога сабе! Нават нягледзячы на тое, што гледачоў змяшчаецца менш за трыццаць тысяч?
Франц Ляцяга: “Паводле сённяшніх патрабаванняў гэты крытэр неабходны для атрымання элітнай пяцізоркавай катэгорыі (яе маюць зусім няшмат стадыёнаў кшталту “Ноў Камп”, “Сан-Сіра”, “Уэмблі”. ― заўв. Еўрарадыё). А для чацвёртай катэгорыі ― у нас амаль усё адпавядае. Але мы яе ўсё адно атрымаем. Як толькі пацяплее, я абавязкова ўсталюю турнікеты, будзе электронны падлік гледачоў. Да мяне ўжо пад’язджалі прадстаўнікі адной фірмы. Пытанняў не будзе. Патрэбныя грошы я знайду. Крэдыт вазьму, пазыку, але ўсё роўна я гэта ўсталюю”.
Яшчэ некалькі дзён таму заснежаны стадыён “Нёман” адпачываў пасля баталій чэмпіянату Беларусі. Але сёння вядзецца паступовая падрыхтоўка да гульні БАТЭ — “Фенербахчэ”. І гэта ў зімовую пару выцягне нямала грошай.
Так звычайна выглядае стадыён "Нёман" узімку. Фота fcbate.by
“Адзін мільярд рублёў (каля 116 тысяч долараў) пойдзе толькі на падагрэў поля, ― падлічвае Франц Ляцяга. ― Яно ў нас чыстае, так бы мовіць, трава пайшла ў рост: высокая не вырасце, але зялёная будзе. Поле падрыхтавалі яшчэ з восені, накрылі спанбондам (спецыяльны абарончы матэрыял, стойкі перад вільгаццю. ― заўв. Еўрарадыё). Каля варотаў толькі не закрылі два кавалкі: вучоныя рэкамендуюць іх не закрываць, пакуль не здарыцца моцных маразоў ― пад 20 градусаў. Пакуль 3-4 градусы, лепш, каб гэтыя кавалкі былі пад адкрытым небам”.
Цэнтральны спартыўны комплекс “Нёман” прайшоў праз капітальную рэканструкцыю ў сярэдзіне 2000-х. Тут ёсць не толькі футбольнае поле, але і прыстойны рэстаран, медыцынскі цэнтр, разнастайныя трэніровачныя залы, просценькі гатэль.
Віп-зала на стадыёне "Нёман". Фота cskneman.by
Змяшчае “Нёман” 8500 гледачоў. Але што па-сапраўднаму псуе саліднасць выгляду гродзенскага стадыёна ― гэта ўсходняя трыбуна. Яна адносна малая, не пакрытая навесам, за ёй вытыркаюцца пагоркі. Заходняя ж трыбуна ― пад брылём і прыстойных памераў.
Еўрарадыё: Калі параўнаць вашу арэну са стадыёнам “Дынама” да рэканструкцыі, дзе лепшыя ўмовы?
Франц Ляцяга: “Канешне, у нас. Калі ў нас рабілася рэканструкцыя, мне хацелася на ўсходняй трыбуне падняць сядзенні ўверх. Тады не было гэтых курганоў, было б увогуле класна. Змяшчалася б ад 12 да 15 тысяч гледачоў, і было б акей. Пад трыбунамі былі б буфеты, крамы, кіёскі, якія б нікому не перашкаджалі. Я быў на многіх стадыёнах і бачыў, як гэта робіцца. Асабліва мне спадабалася арэна ў Дуйсбургу. Нарасціць трыбуну па-ранейшаму магчыма. Пытанне ў грошах”.
Да прыезду ў Гродна замежных футбалістаў эксперты УЕФА правялі рэйд і па тутэйшых гасцініцах. Пры гэтым сутыкнуліся з пацешнай для заходнееўрапейцаў сітуацыяй ― мясцовым гатэлям не нададзены зоркавыя статусы.
Толькі мясцовы “Турыст” афіцыйна сертыфікаваны як трохзоркавы. Тым не менш з вялікай доляй верагоднасці гульцы “Фенербахчэ” могуць спыніцца ў гатэлі “Нёман”, што ў цэнтры. Праўда, афіцыйна пытанне з засяленнем пакуль не вырашылі.
“У нас былі прадстаўнікі УЕФА, БАТЭ, Беларускай федэрацыі футбола, турэцкага клуба. Думаю, што былі не толькі ў нас, але і ў іншых гатэлях Гродна. Яны разумелі, што гэта не сталіца, што на гатэлях няма зорак. Але мне падалося, што яны былі прыемна здзіўлены, што ў Гродна ёсць гатэлі, якія адпавядалі іх патрабаванням, ― лічыць дырэктар гатэля “Нёман” Міхаіл Малікін. ― Ніякіх просьбаў нешта змяніць, удасканаліць я ад іх не пачуў. Нейкіх райдараў пакуль не было. Магчыма, калі будзе канкрэтыка па размяшчэнні каманды, могуць узнікнуць нейкія пажаданні”.
Фотаздымак зроблены ў самым дарагім люксавым нумары гатэля "Нёман". Кошт пражывання 136 еўра. Фота hotel-neman.by