Экс-палітвязень Андрэй Бандарэнка судзіцца з БТ

Бандарэнка вінаваціць БТ у абразе свайго гонару і годнасці. Нагодай стаў сюжэт у праграме "У цэнтры ўвагі", які паказалі на тэлеканале "Беларусь-1" 11 снежня летась. У прыватнасці, у праграме згадвалася, што Бандарэнка "праходзіў у справе аб махлярстве ў асабліва буйным памеры" і нібы ў яго ёсць крамінальная мянушка "Дэпутат".

Нагадаем, што Бандарэнку сапраўды асудзілі, аднак потым гэты прысуд быў адменены праз адсутнасць складу злачынства, а самога вязня цалкам апраўдалі.

На паседжанні 7 чэрвеня прадстаўнік БТ Віталь Карплюк з'явіўся з тэлесюжэтам, прысвечаным Бандарэнку. Аднак экс-палітвязень заявіў, што сюжэт быў прадастаўлены не цалкам, а ва ўрэзаным варыянце.

Суд пастанавіў правесці наступнае паседжанне 21 чэрвеня. На яго бакі мусяць прадаставіць тэлесюжэт поўнасцю.

Дарэчы, прадстаўнік тэлеканалу паведаміў, што аўтар сюжэту, нейкі Мартыненка, на БТ ужо не працуе.