Дырэктар “Еўропы”: Усе нумары ў нас будуць занятыя на паўгода наперад
Мінскі гатэль падпісаў дамову на прасоўванне ў свеце з буйной маркетынгавай групай “Warwick”.
Мінская гасцініца “Еўропа” увайшла у маркетынгавую групу “Warwick International Hotels”, якая ўключае 48 гатэляў па ўсім свеце. Цяпер кіраўніцтва гатэля разлічвае на рэкламу і “раскрутку” у межах маркетынгавай сеткі.
Гасцініца “Еўропа” будзе прадстаўленая на міжнародных семінарах і сустрэчах, распавёў падчас прэс-канферэнцыі менеджар з “Warwick International Hotels” Раман Бернар.
Раман Бернар:”Мы прысутнічаем у дзелавых цэнтрах Парыжа, Нью-Ёрка, Лондана. Мы развіваем гатэлі, каб рэкламаваць іх сярод турыстаў. Мы прапаноўваем службы маркетынгу і браніравання. Мы прадугледжваем, што гатэль "Еўропа" будзе прымаць карпаратыўных кліентаў. Таксама мы плануем, што ён заключыць дамовы з буйнымі фірмамі. Мы будзем прэзентаваць гатэль на семінарах і сустрэчах, напрыклад, на гандлёвым кірмашы ў Берліне”.
Знаходзячыся ў сетцы “Warwik”, “Еўропа” будзе кіравацца сваёй праграмай развіцця, не зменяцца таксама і кошты на нумары. Паводле дырэктара “Еўропы” Аляксандра Свірыдовіча, гэтая сетка пакідае за гатэлем поўную самастойнасць.
Аляксандр Свірыдовіч:”Хачу звярнуць вашую ўвагу на тое, што гатэль застаецца самастойным, пры гэтым атрымлівае ўсе перавагі ад міжнароднай маркетынгавай сеткі. Яна не прадугледжвае нейкіх жорсткіх стандартаў. Усе гатэлі, якія знаходзяцца ў калекцыі “Wаrwik”, унікальныя. Мы разлічваем, што гэта дазволіць узняць якасць нашай працы”.
Дырэктар “Еўропы” праз два гады прагназуе поўную занятасць усіх 67 нумароў гатэля на паўгода наперад. Грошы за знаходжанне ў маркетынгавай сетцы “Еўропа” будзе пералічваць у “Warwik”два разы на год. Праўда, канкрэтную суму дырэктар гатэлю не агучыў.
Праз раскрутку мінскай гасцініцы “Warwik” плануе падняць прэстыж сталіцы (і нават Беларусі) на міжнароднай арэне.
“Мы не толькі будзем прасоўваць гатэль “Еўропа”, але і Мінск у цэлым. Мы зробім усё мажлівае, каб прасоўваць імідж Мінска і Беларусі. Мы будзем шчыльна супрацоўнічаць з дырэктарам гатэля, каб падзяліцца досведам і падтрымаць. А таксама каб распавесці свету аб Мінску”, — адзначае віцэ-прэзідэнт “Warwik” Ула Шнайдер.
Група “Warwick International Hotels” была створаная ў 1980 годзе. Гатэлі сеткі цяпер знаходзяцца ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе, ЗША, Азіі і Афрыцы. “Еўропа” і “Warwick” падпісалі дамову аб супрацоўніцтве на 2 гады, але яна можа быць працягнутая і надалей.
Цікава, што Беларусь — першая з постсавецкіх краінаў, дзе з’явілася гэтая міжнародная гатэльная сетка.