Ці карыстаецца попытам ў гандляроў Ждановіч брэнд “купляйце беларускае”?
“У нас ўсё кітайскае! Але кітайская “турцыя” і “польшча” даражэй”.
У сярэдзіне тыдня палова ралетаў на "Ждановічах" закрытыя.
“Хадзем што-небудзь памераеш!”, — упрошвае мяне прадавец абутку, каб трохі развеяцца. Пытанне, адкуль у вас тавар, амаль усіх гандляроў на "Ждановічах" проста прыводзіць у шаленства.
“Усе з аднаго месца вязём!”
“Кітай! Расія! Вы беларускае шукаеце? Толькі жаночыя і дзіцячыя шкарпэткі. Але лепш бяруць расійскае”, — кідае гандлярка і тлумачыць, што расійскае і прыгажэйшае, і носіцца лепш.
Часам дабіцца ў прадаўца, адкуль тавар, нерэальна:
“Расія ў нас. Якія трэба — Кітай? Магу зараз намаляваць маркерам па-кітайску”, — тут жа ў жарт прапаноўвае афраамерыканец-гандляр.
Пра беларускае тут чамусьці кажуць, што гэта неапраўдана дорага, і становяцца сцяной за свой кітайскі тавар.
“Вы лічыце, што з Гродна якасць лепшая, чым ў Кітаі? Усе вязуць з Кітая, людзі шукаюць бюджэтны варыянт! Навошта купляць беларускія фіранкі, калі ёсць такія ж кітайскія па якасці, але ў тры разы таннейшыя”, — гыркае на мяне прадавец невядома адкуль узятых штор і кідае, што нічога не прадасць за маю падазронасць. Прадаўцам патрэбны маўклівыя пакупнікі.
“Яны падрабляюць беларускія гродзенскія фіранкі, а прадаюць кітайскія! Вунь заваліся імі”, — лаецца гандлярка яшчэ аднаго ралета, дзе прадаюцца “беларускія” фіранкі. У яе, праўда, таксама няма ніякага дакумента, што гэта выраблена ў Беларусі.
Знайсці прыхільніка беларускай прадукцыі на "Ждановічах" нялёгка. Нават прадаўшчыца падгузнікаў — у яе тавар з Кіпра — кажа, што беларускія прадаваць не будзе.
Але што падгузнікі — нават беларускія сувеніры вязуць з Украіны:
“Украіна таксама добра робіць сувеніры, дзяўчына!” — абураецца гандляр сувеніраў для хаты з расійскімі грашыма.
Прадаўцы шмотак шчыра прызнаюцца, што затарваюцца на адным кірмашы ў Расіі.
“У Маскву ездзім, проста кошты вельмі адрозніваюцца. На адну рэч прыкладна на 10-15 тысяч меней, чым у нас”, — прыадкрывае таямніцу рэальных коштаў на кітайскія тавары прадаўшчыца.
Гандлярка джынсамі хваліць свой тавар як польскі, на праверку аказваецца, што і ў яе тавар ад кітайцаў.
“Вы думаеце, у Польшчы няма Кітая? Есць той “Кітай”, што ідзе на Маскву, а што на Польшчу. Калі выбіраць паміж кітайскім на Расію, Польшчу ці Турцыю — канечне ж, гэта будзе Турцыя”
Надпіс “Турцыя” на рэчы адразу падымае кошт тых жа джынсаў амаль на 100 тысяч.
“Вось у мяне джынсікі вісяць 270 тысяч рублёў. Калі б гэта была “Турцыя”, яны каштавалі б 350 тысяч прыкладна".
“Гэта першае пытанне: беларускі тавар ці кітайскі? Многіх гэта зараз пужае, што кітайскі тавар, шукаюць беларускія. Кітайскія мацаюць, нюхаюць нават канструктары, — распавядае Еўрарадыё прадаўшчыца цацак. Яе ралет насупраць крамы з беларускімі цацкамі з Кобрына. Тут яны на парадак даражэйшыя.
“Для дзетак да трох гадоў бяруць, для садкоў — у мяне ў садку заказвалі… Вельмі мала кропак, на лічаных кропках беларускім гандлююць”.
На "Ждановічах" і сапраўды беларускага няшмат: касметыка, нагавіцы і цацкі. Астатняе — кітайскае.