Беразоўскі ў апошнім інтэрв’ю: я ідэалізаваў дэмакратыю ў Расіі
Аглядальнік расійскага часопісу Forbes Ілля Жэгулёў узяў інтэрв’ю ў прадпрымальніка Барыса Беразоўскага за некалькі гадзінаў да яго смерці.
Пра гэта журналіст напісаў на сайце выдання ў суботу 23 сакавіка, праз некалькі гадзінаў пасля таго, як стала вядома, што Беразоўскі памёр. Паводле слоў Жэгулёва, вядомы алігарх распавёў яму, што вельмі хацеў вярнуцца ў Расію. “Галоўнае, што я недаацаніў, — што мне настолькі дарагая Расія, што я не магу быць эмігрантам”, — цытуе журналіст Беразоўскага.
Як патлумачыў прадпрымальнік, знаходзячыся ў Лондане ў вымушанай эміграцыі, ён змяніў сябе і многія свае ацэнкі: “Я абсалютна ідэалістычна ўяўляў магчымасць пабудовы дэмакратычнай Расіі. І ідэалістычна ўяўляў, што такое дэмакратыя ў цэнтры Еўропы. Недаацаніў інэртнасць Расіі і вельмі пераацаніў Захад”.
Барыс Беразоўскі таксама прызнаўся, што перажыў значна болей пераацэнак і расчараванняў, чым Хадаркоўскі, які знаходзіцца ў зняволенні з кастрычніка 2003 года. Прадпрымальнік сказаў, што страціў сэнс жыцця і не ведае, што яму далей рабіць.
Нагадаем, што пра смерць Беразоўскага стала вядома каля 20.00 паводле маскоўскага часу 23 сакавіка. У медыцынскай службе Agence France-Presse паведамілі, што выклік паступіў а 15.18 паводле Грынвіча (19.18 паводле Масквы). Паводле звестак брытанскім СМІ, цела Беразоўскага знайшоў у ванне яго ахоўнік.
У паліцыі пацвердзілі, што пачалі расследаванне “невытлумачальнай” смерці 67-гадовага мужчыны, цела якога знайшлі ў доме ў Аскоце, графства Беркшыр. Ніякай інфармацыі наконт прычынаў смерці афіцыйныя ўлады не падаюць, піша Lenta.ru
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў паведаміў шэрагу СМІ, што некалькі месяцаў таму Барыс Беразоўскі напісаў кіраўніку дзяржавы ліст. Ён прызнаўся, што рабіў памылкі і папрасіў ва Уладзіміра Пуціна дазволу вярнуцца на радзіму.