"Белаўтадар" прапануе абмежаваць хуткасць на дарогах
ДАІ ў шоку ад такой прапановы.
Дэпартамент Мінтранспарту “Белаўтадар” выступіў з прапановай змяніць правілы дарожнага руху. Прапаноўваецца зрабіць часовыя абмежаванні хуткасці, якія былі ўведзеныя з-за марозу, пастаяннымі.
Супрацоўнік “Белаўтадар”: “Будзе гэта ці не, гаварыць рана. Па выніках зімы будзе праведзены аналіз, як гэтая мера спрацавала, паўплывала на аварыйнасць... І зыходзячы з вынікаў, будуць высновы, уносіць такую прапанову ці не”.
У ДАІ гавораць, што ў ПДР ужо ёсць часовыя абмежаванні. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прэс-службе аўтаінспекцыі.
Прэс-служба ДАІ: “Мы крыху ў шоку. Чаму яны сабраліся нешта мяняць? Нам пакуль ніхто такіх прапановаў не рабіў. На сёння ў правілах усё напісана: калі ўводзіцца часовае абмежаванне, то часовыя знакі карыстаюцца прыярытэтам”.
Нагадаем, на васьмі ўчастках кальцавой абмежаванне хуткасці — да 50 кіламетраў у гадзіну. На трасе М1 уведзеныя абмежаванні для легкавых аўто — 90 кіламетраў за гадзіну, для грузавікоў — 70.