Банкі аднагалосна абвяргаюць чуткі пра дэфіцыт рубля

Пры гэтым сайт банка “Масква-Мінск” паведамляе, што з 20 траўня уводзіць забарону на зняцце наяўных рублёў у банкаматах. Дзённы ліміт будзе: 1 мільён рублёў. Але гэта тычыцца толькі валютных картак.

Аднак пра абмежаванне аперацый з беларускімі рублямі нічога не гаворыцца. Не чулі пра іх і аператары банка. Маўляў, абмежаванняў па зняцці грошай у рублях няма.

У “Франсбанку” гавораць, што не збіраюцца нічога абмяжоўваць. Праўда, у адным з банкаматаў скончыліся грошы, але іх можна зняць у касе банка, кажуць у даведцы.

“Усё у парадку. Ніякіх абмежаванняў у нас няма”, - цвердзіць супрацоўніца “Белсвісбанка. Няма абмежаванняў і для ўладальнікаў валютных картак.

“Калі валютная картка нашага банка, вы можаце зняць грошы у банкаматах нашага банка”. Цяпер банкаматы загружаюцца валютай, даводзіць супрацоўніца.

Пры гэтым каля банкаматаў растуць чэргі, людзі кажуць пра дэнамінацыю ды абмежаванне на зняцце рублёў. Калі верыць чуткам, то з 20 траўня у банкамаце нельга будзе зняць больш за 60 тысяч у суткі. Але банкіры абвяргаюць гэтую інфармацыю.

“На дадзены момант у нас няма ніякіх абмежаванняў. Без праблем прыходзяць кліенты, здымаюць грошы”, - распавядаюць у ВТА-банку.

Не чулі пра абмежаванні і ў рэгіёнах. Так, у віцебскім аддзяленні “Беларусбанка” карэспандэнта Еўрарадыё запэўнілі, што праблем няма.

У Нацбанку заяўляюць, што дэфіцыту рублёў не будзе. Дарэчы, нагадаем, што ў красавіку ў абароце з'явіўся дадатковы трыльён рублёў.