Абменнік: “Ёсць і тысяча долараў, і пяць”
У цэнтральных абменніках Мінску долараў на продаж хапае. А вось у спальных раёнах абмяняць вялікую суму праблематычна.
Іду па абменніках і пытаюся, колькі валюты ёсць у наяўнасці, бо ходзяць розныя чуткі!
Валюта ёсць! Ў “Белаграпрамбанку” мне могуць прадаць нават больш за тысячу.
“Ёсць і тысяча долараў, і пяць”, — з ходу выдае супрацоўніца “Белаграпрамбанка”, што ў самым цэнтры сталіцы. Тут заўважаюць, што на фронце ўсё спакойна — за валютай ніхто не бегае.
Не назіраецца і страшылак кшталту даўжэзных чэргаў і вялікай колькасці жадаючых купіць долары.
У абменніках — у ГУМе, універсаме “Цэнтральны”, у гандлёвым цэнтры “Сталіца” людзей ля абменнікаў няма ўвогуле. Невялікая чарга — ля абменніку “Белінвестбанка” у гандлёвым цэнтры “Карона”. Але высвятляецца, што з пяці чалавек толькі адна дзяўчына купляе 200 долараў.
“Сярод знаёмых ходзяць чуткі, што курс долара будзе скакаць, але я купляю, бо здымаю кватэру і плачу за яе ў валюце. Калі была б магчымасць адкласці — я б гэта рабіла”, — распавядае эканаміст Таццяна з чаргі.
Канчаткова супакоіўшыся — еду ў спальны мікрараён. У абменніку каля аўтавакзала “Усходні”, нечакана стаіць чарга — налічыла дванаццаць чалавек. Але толькі дзве жанчыны здаюць долары — адна пяць, другая — сто. Астатнія — плацяць за камуналку і тэлефон. Купляю валюту толькі я.
Ці ёсць у вас , валюта? — пытаюся ў касіра. Касірка ківае і я прашу… 10 тысяч долараў.
Яна ўрэшце адрываецца ад кампутара і перапытвае:
— 10 тысяч чаго?
— 10 тысяч долараў? — не губляюся я, і адчуваю як чарга за мной нямее. Касір прыходзіць у сябе:
— Вялікіх сум у нас няма. Хапае на пакупку-продаж, а такія сумы ніхто не бярэ. Есць 191 долар. Будзеце браць?
Я расчараваная — 191 долараў, гэта называецца “забяспечванне попыту на валюту?
Тэлефаную яшчэ ў абменнікі аддаленых раёнаў — сітуацыя такая ж. Змяншаю жаданні — да пяці, потым да трох тысяч долараў!
“Такую суму наўрад ці вы зможаце адразу купіць. Вось калі хто здасць 5 тысяч — толькі тады. А так — не. У нас больш заявак на выдачу валютных укладаў — іх мы таксама адразу не можам аддаць. Людзі робяць заяўку і праз колькі дзён забіраюць валюту”.
Мінчукі масава за валютай не бягуць, але заўважаюць, што навучаныя вопытам ужо трымаюць грошы ў валюце. Наталля пра будучыню не турбуецца:
“Што цяпер ён скача, гэта не страшна. Зноў усё спадзе — у нас проста такая эканоміка”.
Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што панікаваць сэнсу няма — гэта толькі падагравае сітуацыю. І разам з тым эканаміст лічыць, што дэвальвацыя ўжо ёсць:
“Ажыятаж і сам можа вызваць паніку. Тое, што рубель будзе дэвальвіраваць — гэта зразумела. Але толькі дурні бегаюць па абменніках і шукаюць валюту. Бо трэба адкладваць грошы, фарміраваць “партфель”. А калі гэта не атрымоўваецца, гэта сведчыць пра разгільдзяйства. А у нас гэтага не робяць, бо лічаць, што беларусы дастойныя заробкаў у 500 долараў, жывуць не па сродках. Адсюль і дэвальвацыя”.