Праз суткі ў амбасадзе ЗША ў Мінску застанецца працаваць 17 чалавек

Колькасць супрацоўнікаў амерыканскай амбасады ў Мінску скароціцца да 17 чалавек да 15.00 27 сакавіка, заявіў "Інтэрфаксу" Часовы павераны ў справах ЗША у Беларусі Джонатан Мур.
"Мы скароцім лік супрацоўнікаў да 17 чалавек да 15.00 27 сакавіка, як і запатрабаваў МЗС Беларусі", — адзначыў Д.Мур. Амерыканскі дыпламат удакладніў, што скарачэнне закране ўсе аддзелы пасольства.
У дыпмісіі не растлумачылі, якім чынам грамадзяне Беларусі змогуць атрымліваць хуткім часам візы ЗША. Як раней паведамлялася, амбасада прыпыніла выдачу беларускім грамадзянам амерыканскіх віз. "Пакуль адказу на гэтае пытанне няма", — адзначылі ў пасольстве.

Інтэрфакс