Праваабаронца звярнуўся ў пракуратуру ў сувязі з агітацыяй у час футболу

Брэсцкі праваабаронца Уладзімір Малей напісаў заяву з просьбай даследаваць юрыдычныя падставы агітацыі за Лукашэнку падчас матча паміж брэсцкім "Дынама" і “Белшынай” у нядзелю 21 лістапада.
Спадар Малей патлумачыў Еўрарадыё, што хоча ведаць, хто з'яўляецца арганізатарам мерапрыемства.

Малей:
"Я вымушаны быў звярнуцца ў пракуратуру Брэсцкай вобласці і Брэсцкую абласную тэрытарыяльную выбарчую камісію з просьбай правесці праверку, устанавіць, хто з’яўляўся арганізатарам масавага мерапрыемства па ажыццяўленню перадвыбарнай агітацыі за кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Лукашэнка".

Таксама спадар Малей распавёў, што хоча атрымаць тлумачэнні, хто вырабіў футболкі з выявай Лукашэнкі і з надпісам “Наш прэзідэнт”, дзе і за якія грошы. Акрамя гэтага праваабаронцу цікавіць, ці была згода бацькоў дзяцей на тое, каб яны апранулі агітацыйную ўніформу.

Нагадаем, перад заўзятарамі, якія прыйшлі на футбол, з’явіліся дзеці, апранутыя ў футболкі з партрэтамі Аляксандра Лукашэнкі.