Памежнікі замест штампа “У выездзе адмоўлена” ставяць штамп “Анулявана”

Памежнікі і мытнікі выправілі ўсе памылкі, аднак пакуль ні беларускамоўных дэкларацый, ні штампа аб забароне выезду за мяжу пабачыць не магчыма. Як паведамілі Еўрарадыё у Памежным камітэце, штампы з памежных пунктаў, у якіх былі зроблены памылкі “У выезде адказана”, ужо канфіскаваныя. Аднак выпраўленых пакуль няма:

Усе гэтыя штампы прыбраныя з пунктаў пропуску. Праведзены пэўныя працэдуры, каб унесці змены ў склад і выправіць памылкі. Усе гэтыя дакументы падпісаныя, зацверджаны лагатыпы. Зараз штампы вырабляюцца. То бок патэбен нейкі час, каб усё зрабіць. Пакуль штампы альбо не прастаўляюцца, альбо ставіцца штамп “анулявана”, які раней на візы ставіўся”.

Нагадаем, што няправільны варыянт тэксту на штампе “У выезде адказана”, які быў зацверджаны пастановай Дзяржаўнага памежнага камітэта ад 22 снежня 2007 года, памежнікі змяняюць на правільны варыянт “У выездзе адмоўлена”.

Беларускамоўныя дэкларацыі, якія, дарэчы, перабляюцца ўжо трэці раз, таксама, па словах прэс-сакратара Мытнага камітэта Уладзіміра Пехцерава, нарэшце выпраўленыя, нават у хуткім часе ўзор паперы павінен з’явіцца на сайце Мытнага камітэта:

Праца скончана, зараз ідзе тэндэр сярод спецыялізаваных фірмаў, якія аказваюць паліграфічныя паслугі, на друк гэтага экзэмпляра. Паралельна мы вядзем працу над тым, каб на нашым сайце з’явіліся, у тым ліку і на беларускай мове, узоры мытных дэкларацый, з якімі маглі б азнаёміцца людзі, якія збіраюцца перасячы мяжу. Можа быць, калі-небудзь у далёкай будучыні мы зможам па электроніцы і запаўняць, аднак пакуль гэта будзе проста ўзор для разгледжання. Спадзяемся, што ў далейшым памылак больш не будзе”.

Еўрарадыё пісала пра тое, што ў першапачатковай версіі беларускамоўнай мытнай дэкларацыі было зроблена 46 памылак, у другой – ужо 13, што будзе ў трэцяй пакуль не вядома, аднак у Мытным камітэце не апускаюць рукі.

Уладзімір Пехцераў: “У нас ужо ёсць вопыт па іх выпраўленні. Не памыляецца той, хто нічога не робіць”.