Лекі ад грыпу: “Антыгрыпін”, часнык і гамеапатыя
На
Рок-каранацыю з-за хваробы не прыйшлі намінаваныя музыкі, суд над марозаўскай
групоўкай перанеслі з-за хваробы падсуднага.
Простае
насельніцтва спрабуе ратавацца, як умее. Прышчэпкі рабіць ужо позна. Што раяць
нам лекары пры першых сімптомах грыпа? Гаворыць педыятар Наталля
Патрасава.
Наталля Патрасава: “Для дзяцей лепшыя супрацьзапаленчыя “Антыгрыпін”, “Антыгрыпакапс”, “Ібуклін”. Ён і зніжае
тэмпературу, і аказвае супрацьзапаленчае дзеянне. Здымае гарачку, інтаксікацыю.
Абавязкова — пасля ежы, каб не на
галодны страўнік.
Абавязковы пасцельны рэжым. Піць шмат: маліны, парэчкі, журавінавы морс, гарбату з лімонам — усё, дзе шмат аскарбінкі. І абавязкова выклікаць лекара, бо грып можна “запусціць”.
Лекары
называюць грып самай недаацэньваемай хваробай на Зямлі. Мы ставімся да яго
лёгка, бо часта з ім сутыкаемся. Між тым, кожны год свет траціць каля 15
міліярдаў долараў на лячэнне хваробы, але 1,5 мільёна чалавек усё адно паміраюць ад грыпу ці яго
наступстваў.
У кожнага свая методыка лячэння, і шмат хто цягне да апошняга, бо
не хоча прымаць антыбіётыкі. Але супрацьпастаўленне “бабуліных” метадаў
антыбіётыкам састарэла. Пра альтэрнатыву і тым, і другім яшчэ будзе
распаведзена, пакуль жа — пра “хатняе”
лячэнне.
ДАВЕДКА ЕЎРАРАДЫЁ
Ароматэрапія
цяпер у модзе, эфірныя алеі лёгка
набыць у крамах. Некаторыя з іх валодаюць значнай антывіруснай актыўнасцю. На
ранніх стадыях грыпу прыміце ванну з алеямі эўкаліпта,
лімона, лаванды ці зрабіце сабе інгаляцыю на іх аснове.
Гарбата з
цынамонам і перцам ці імбірам выратуе ад дрыготкі. Калі ў вас наадварот гарачка, вам карысна прапацець
з дапамогай настою кашэчай мяты ці
бузіны чорнай. Эхінацэя і шыпшына павышаюць актыўнасць імунітэту ў барацьбе з вірусамі.
Змяшайце 1:1 пацёрты часнык з мёдам і прымайце па сталовай лыжцы на ноч, запіўшы
гатаванай вадой. Пасля ўсяго гэтага абавязкова звярніцеся да
доктара.
Але
калі ўсё гэта рабіць лянота ці няма часу, а да таблетак звяртацца ўсё адно не
хочацца, вам шлях у гамеапатычную аптэку. У некаторых з іх можна нават атрымаць
кансультацыю лекара-гамеапата. Пра перавагі гамеапатычных лекаў распавядае
спецыяліст у гэтай сферы Ніна Іванова.
Ніна Іванова: “Сродкі, якімі мы карыстаемся, могуць быць узятыя з
самых чыстых раёнаў Зямлі. Напрыклад, нейкая трава расце ў вельмі чыстым месцы ў Прыбалтыцы. Нам прывозяць яе сок,
і на яго аснове робяцца лекі.
Вельмі важна, што на
нашы лекі няма алергіі. Яны не маюць пабочнага ўздзеяння. І,
нарэшце, яны даволі танныя: ад 5 да 7 тысячаў каштуе 25 мілілітраў нашых лекаў,
і іх хапае недзе на два з паловай месяцы, гэта значыць, не на адзін
сезон”.
Яшчэ
адна перавага такіх лекаў — тое, што гэта
гатовыя сумесі, настойкі і г.д. То бок хвораму не трэба нічога змешваць,
выварваць, спалучаць. Назвы лекаў збольшага лацінскія, але некаторым комплексам
даюць і нашыя.
Так, самы папулярны і рэкамендаваны сярод іх па грыпе называецца
“Антыгрыпін” — не блытайце з іншым “Антыгрыпінам”, які
прадаецца ў звычайных аптэках.
Што
рабіць са сваім захварэлым арганізмам, кожны вырашае сам.
Еўрапейскае радыё для Беларусі і я, Кацярына Буланава, зычым вам здароўя.
Фота — www.rusrek.com